Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 288

Васіль Быкаў

Скульптурнае разьмяшчалася ў тым жа памяшканьні, толькі ўваход у яго быў з двара. Выкладала добрая клапатлівая скульптарка Бяляева. Ужо яна столькі праяўляла клопату, каб зацікавіць і навучыць. Ляпілі з гліны антычныя профілі — насы, вушы, вусны. Была і кампазыцыя. Здаецца, у мяне прарэзаліся і тут здольнасьці — мая кампазыцыя (пагранічнік зь біноклем) была прызнана найлепшай. Бяляева хваліла. І я быў рады.

Неяк увосень прыйшла сумная навіна: студэнтам вучылішча ня будуць плаціць стыпендыю. Сьпярша не паверылі: а як жа тады жыць? Вельмі многія з нас жылі толькі на стыпендыю, болей нічога ня мелі. Асабліва гэта адносілася да дзяцей калгасьнікаў. Стала так, што ўжо колькі дзён у маёй кішэні не было ні капейкі. Ды і ў маіх сяброў таксама.

Пачаўся пошук працы. Увесь дзень да зьмярканьня бадзяліся па горадзе, каб знайсьці якую работу. Два дні на станцыі разгружалі вагоны з рубэроідам. Нацягаліся, папэцкалі кашулі. Сказалі, заплоцяць заўтра, трэба прыйсьці ў кантору. Як назаўтра прыйшлі, сказалі, каб прыйшлі пасьлязаўтра. А пасьлязаўтра аказалася, што таварыш Кулеш зьехаў у адпачынак, а безь яго ведамасьць ніхто не падпіша.

Аднойчы я зайшоў да прыватніка, які ў нейкай кануры шыў шапкі, і прапанаваў яму зрабіць шыльду. Той пагадзіўся. Я знайшоў у вучылішчы фанерыну памерам 1,5 х 0,35 мэтра, неяк загрунтаваў яе і напісаў «Пошив головных уборов». З бакоў намаляваў кепку і капялюш. Прынёс майму заказчыку. Той доўга глядзеў, а пасьля сказаў, што ня возьме. «Чаму?» — «Таму, што тут капялюш. Я капелюшоў не раблю. Капелюшы рабілі для паноў. А ў нас паноў няма». Што было рабіць? Цягнуў цераз увесь горад гэтую рагаціну-дошку, а цяпер куды зь ёй? Кінуў я шыльду ў крапіву за сьцяной і, ледзь ня плачучы, павалокся на Смаленскі базар. А дзён праз колькі, апынуўшыся на Магілёўскай плошчы, убачыў сваю шыльду над дзьвярыма тае кануры-будкі. Толькі капялюш быў чымсьці замазаны. Але зайсьці па плату не хапіла адвагі.

Неяк мы з Аляксеем наняліся на Смаленскім базары перанесьці дровы з аднаго двара ў другі. Пайшлі за дзядзькам кудысьці на Суражскую шашу. Дроваў была процьма — цэлы штабель бярозавага бярвеньня, і мы цягалі яго ўвесь выхадны дзень да вечара. Увечары гаспадар добра нас накарміў і даў па пяцёрцы. То быў шчасьлівы дзень, хоць мы тады ледзьве дабрылі да сваёй халупы — ад стомы.

Аднак такіх удачаў было мала, часьцей усе нашы спробы заканчваліся фіяска. Цэлыя дні хадзілі галодныя. Абыходзіліся кіпнем, чайнік якога заўсёды ўранку нам гатавала гаспадыня. Пасьцельная бялізна (коўдры) у нас была свая, хатняя. І аднойчы, згаладнеўшы, я панёс сваю мамай тканую стракатую коўдру ў скупачную. «Ну, у крыжык, каму гэта цяпер патрэбна?» — сказалі там і не ўзялі. Іншага ў мяне нічога не было прадаць. Апроч кашулі. Зеленаватай, з адкладным каўняром. Верхнюю сьвітку надзеў на голае цела, а кашулю аднёс у камісійную краму. Далі за яе рублёў дванаццаць.

З тымі грашыма ў кішэні занёс у вучылішча заяву аб адлічэньні. Тады такія заявы падавалі многія, многія пакідалі вучобу. На днях зьехаў у сваё Коханава мой Лёшка. Дырэктар Ахрэмчык нешта прабурчэў, накшталт таго, што, маўляў, як бы пасьля не пашкадаваў, ды падпісаў маю заяву.