Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 289

Васіль Быкаў

У той жа дзень купіў білет да Фарынава і на рэшту дзьве пышкі, якія зжаваў па дарозе. Да цягніку сядзеў у старым парку каля таго месца, дзе ў Дзьвіну ўпадае Віцьба, і сэрца маё аблівалася сьлязьмі. Сьлязьмі па мастацтву, якое я так палюбіў. Ды не было суджана.

У Фарынава цягнік прыйшоў уначы, да позьняга восеньскага сьвітаньня было далёка. Я сядзеў у цёмным вакзальчыку, чакаў, пакуль павіднее. Яшчэ там чакала дзяўчына, гэткая ж гаротная, як і я — ехала зь Віцебску, з аптэчнага тэхнікуму ў вёску. Мы зь ёй, можа ўпершыню, пагаварылі аб нашай няласкавай долі, пра крушэньне нашых мараў. Як трохі павіднела — разышоўся кожны ў свой бок. Мне да дому заставалася 30 кілямэтраў пехатой. Пабрыў па гразкай дарозе зь няцяжкім чамаданчыкам у руках…

Зноў пайшоў у Кубліцкую школу заканчваць дзясятую клясу. Але доўга вучыцца там ужо ня мог. Ды і не было як. Вучобу ў старэйшых клясах зрабілі платнай. А дзе было ўзяць грошы? З калгасу зусім нічога не давалі, хлеба не было ўжо з восені. Недзе ў пачатку зімы пачалі арганізоўвацца школы ФЗН, пайшоў набор моладзі. Набіралі ў асноўным у школы будаўнікоў. Адна з такіх школаў была ў Віцебску, і я наважыўся. Недзе ў пачатку сьнежня зноў прыехаў у Віцебск. Дакумэнтаў аб адукацыі тут не пыталіся, і мае засталіся ў Кублічах. Пасялілі нас сьпярша над равамі, а пасьля перавялі ў вызваленую для таго сярэднюю школу на вуліцы Гогаля. Тут была дысцыпліна, парадак. На заняткі хадзілі на Маркаўшчыну, строем пад камандаваньнем старасты і майстра. Мяне вызначылі ў групу муляроў. Вуглы, калоны, тычкі, ложкі, кельмы і правілы… Было малацікава, сьцюдзёна ў цэхах, але кармілі. А затым выдалі вопратку — фірменнае адзеньне зь літарамі ФЗН-5 у пятліцах… Сумаваў па мастацтву, у вольны час бегаў у музэі. Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнай клясы, узіраўся ў знаёмыя твары шчасьліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу.

Вясной перад выпускам школы стала вядома, што паедзем працаваць на Украіну. Неяк адпрасіўся на выходны і паехаў дадому. Трэба было забраць дакумэнты ў Кубліцкай школе. Зайшоў да дырэктара. Той распытаў, як і што. Знайшоў мой табель 10-й клясы з адзнакамі за першае паўгодзьдзе. Падумаў і сказаў: «Што мне з табой рабіць, выдатнік Быкаў?». І сваёй рукой паыставіў мне адзнакі за другое паўгодзьдзе, гэткія ж, якія стаялі за першае. Усё заверыў пячаткай, сказаў: «На, яшчэ спатрэбіцца, Муляр».

Пагодлівым летнім днём усёй групай ехалі на Украіну.

Орша, Крычаў, Хутар Міхайлаўскі. Першы раз я пакідаў мілую радзіму — Беларусь, ня думаў тады, ці надоўга. Паволі зьнікалі драўляныя хаты, пайшлі сёлы зь белымі мазанкамі. Успамінаўся Гогаль. Тое, што чытаў у ягоных творах, як жывое, паўставала перад вачмі.

Увечары, як зайшло сонца, аблёг нейкі дужа чырвоны небасхіл. Чырваньню заліло паўнеба. Падумалася з трывогай: што б гэта значыла?