Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 286

Васіль Быкаў

Зрэшты, тое апісана мною ў «Сьцюжы». Гэта ўжо ня выдумка, гэта балючая праўда.

Вучні ў новай (нядаўна пабудаванай за царквой) школе былі розныя па нацыянальнасьці, у асноўным беларусы. Хоць шмат было і яўрэйскіх дзяцей зь мястэчка. Круглы выдатнік (шматгадовы) быў у нас Сьвярдлоў Мэер, старэйшы за мяне гады на два-тры, зь ім мы разоў колькі езьдзілі ў Вушачу на якія школьныя мерапрыемствы, аднойчы ў лягэр у Стайкі. З ягоным стрыечным братам Лёвам мы вучыліся ў адной клясе. Было нямала і дзяўчат-яўрэек. Амаль усе яны загінулі ў верасьні 1941 году ў рове пад магільнікам каля Ушачы. Мэер Свярдлоў, праўда, пасьля вайны жыў у Маскве, працаваў у нейкай паштовай скрынцы. Адносіны беларусаў і яўрэяў былі абсалютна нармальныя, сяброўскія: я ня памятаю ніводнага канфлікту на нацыянальнай глебе. Вясковыя хлопцы сябравалі зь местачковымі, так, як іхнія бацькі і дзяды сябравалі. Местачкоўцы-яўрэі былі гандляры і рамесьнікі, кавалі, ваўначосы, лудзільшчыкі, паяльшчыкі, шаўцы і краўцы. Мая маці, напрыклад, усё жыцьцё мела прыязнасьць да Рывы-Рывіткі, як яна яе звала, што была краўчыха. Яна часам шыла нам пінжакі, кашулі, за якія маці плаціла то кавалкам сала, то яйкамі. Па ўзаемнай згодзе і выгадзе.

Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацыяў. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуль Вэрна і іншых. Сам ахвотна маляваў зь першых клясаў і, вядома, афармляў (здаецца, ва ўсіх клясах) насьценгазэту. Неяк сьпісаўся з Домам мастацкага выхаваньня дзяцей (у Менску?), адтуль прыслалі папулярныя брашуры з парадамі, як маляваць акварэльлю. Неяк стала вядома, што наш піянэрважаты Кандрацкі паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, аднойчы (улетку, здаецца), расказваў пра сваё там навучаньне.

Між тым у тыя перадваенныя гады мае старэйшыя таварышы, зь якімі я пачынаў вучыцца, заканчвалі школу і разьляталіся, хто куды. Большасьць — у вайсковыя вучылішчы — артылерыйскія, лётныя. Юнацкі неспакой ахапіў і мяне, карцела кудысьці ехаць. Жыцьцё ў калгасе не рабілася лягчэйшым, хутчэй наадварот. Але я не хацеў быць вайскоўцам, я хацеў стаць мастаком. І вось аднойчы ўлетку пайшоў у школу і ўзяў свой атэстат за дзявятую клясу. Дырэктар Сьлімборскі не хацеў аддаваць; заставаўся адзін год да сканчэньня, зноў жа — выдатнік. Але аддаў. Бо я сказаў: паспрабую, паступлю дык паступлю, а не, дык вярнуся. Сабраў дакумэнты, некалькі малюнкаў — алоўкам і акварэльлю — і паслаў у Віцебск.

На ўступныя экзамэны я першы раз у жыцьці ехаў чыгункай, першы раз убачыў вялікі горад. Тыдзень ці болей жыў у інтэрнаце на Магілёўскай плошчы, здаваў экзамэны. Пасьля вярнуўся дамоў і пачаў чакаць выкліку.

Прыйшла тэлеграма: прыняты. Пачатак заняткаў зь першага верасьня. Тое радавала і трывожыла, асабліва бацькоў. Не было ні вопраткі, ні абутку. Ні грошай. У дзень ад’езду бацька запрог каня і заехаў у Двор да дзядзькі Сьцёпкі, пазычыў тры чырвонцы. Зь імі я і паехаў у вялікі сьвет. На станцыю Фарынава, адтуль — на Полацак.