Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 279

Васіль Быкаў

А «Як гартавалася сталь» была адна ў школьнага настаўніка, і яе чыталі па чарзе. Мая чарга выпала недзе пад весну, і цяпер памятаю надвор’е, праталіны і радасьць ад таго чытаньня.

Калі вучыўся, здаецца, у шостай клясе, зімой захварэў. Прастудзіўся, і пасьля прыключылася нешта іншае. Хварэў доўга. Калі крыху ачуняў, ісьці ў школу было позна, і тую зіму я быў дома. Чытаў, перачытваў усё, што было можна знайсьці, але болей за ўсё хадзіў у Двор-Слабодку, пачатковую школу, дзе мне настаўнік Крацёнак даваў кніжкі са школьнай бібліятэкі. Менавіта тады перачытаў ледзь ня ўсю расейскую клясыку. І як цяпер пагляджу, тая зіма ў сэнсе адукацыі была куды важнейшай, чым усе іншыя. Недарма кажуць, што дзіця разумнее, як хварэе.

Увогуле, кніжкі браў у бібліятэцы, у настаўнікаў, у сяброў — аматараў чытаньня. У майго аднаклясьніка Баброўскага з Чамярычына ад даўніх часоў застаўся куфар са старой літаратурай. Чытаў адтуль кніжкі, якіх не было нідзе: Шыльлера-Міхайлава, Станюковіча, Дастаеўскага, Пісемскага. У селяніна з Астроўшчыны Бобрыка захавалася падшыўка «Нівы» за некалькі год, выпрасіў, перачытаў усю. Пасьля «Огонёк» з 90-х гадоў ХІХ стагодзьдзя.

Тады быў яшчэ малы, яшчэ да школы. Далей гародаў нікуды не хадзіў. І вось аднойчы старэйшы мой сябра Валодзя Галавач кажа: «Пайшлі на возера». Пайшлі — праз парасьнікі, каля Навінаў, цераз роў, акрай Саўчонкаў. З гары адкрыўся цуд: лясное возера ўнізе, за ім лес на касагоры — прыгажосьць на ўсё жыцьцё.

Пасьля дазнаўся: на высьпе па-над ім было нейкае, яшчэ паганскае, збудаваньне, здаецца, расьлі дубы.

Так возера было са мной у дзяцінстве, на вайне, у чужыне — як асяродак Радзімы і вобраз хараства.

Усе хлопцы ў вёсцы былі старэйшыя за мяне — хто на два, хто на тры гады. Як адчынілася пачатковая школа ў Міхашонкавай хаце, пайшлі вучыцца. А я малы, мяне ня бралі. Тады было дужа маркотна, прасіў бацьку пусьціць у школу, і бацька аднойчы павёў. Настаўнік Аўласенка паглядзеў на малога, шасьцігадовага, і кажа: хай ходзіць. Валодзя Галавач зрэзаў на балоце трысьціну, уставіў у яе настаўнікава пёрка — пачалася вучоба.

Палітычныя ліхаманкі пэрманентна калацілі вёску. Яшчэ пры аднаасобніцкім жыцьці была ільнонарыхтоўка. Патрабавалі здаць усё і яшчэ болей. Хадзілі з вобыскам — ператрасалі лахманы, шукалі кужалі. Прымушалі раскручваць конскія путы — на здачу.

Мне было мо год пяць, як прыйшлі актывісты шукаць. Жылі тады яшчэ ў старой хаце, з істопкай, у якой правалілася столь, і маці ўсё палохала: ня лазь туды, правалішся. Шукалі-шукалі, нічога не знайшлі, паклікалі мяне:

«Мальчик, где отец спрятал лён?». Зласьлівасьць начальнікаў выклікала ў мяне адпаведнае пачуцьцё, і, помсьцячы, я ім сказаў: «На істопцы». Яны адразу палезьлі туды, а я зларадна думаў: хай праваляцца і заб’юцца. Аднак не праваліліся, а я ўцёк за сажалку.

У канцы вуліцы таго сяла жыў Азевіч Дзям’ян, аднарукі інвалід Першай сусьветнай вайны. Адною (цэлай) рукой ён рамантаваў гадзіньнікі, якімі ў яго былі завешаныя ўсе сьцены. Працаваў ён на падаконьніку і, як мне цяпер здаецца, рабіў цуды. Шкельцы для гадзіньнікаў, напрыклад, ён выразаў з бакавога лямпавага шкла. Здаецца, ён шмат іншага майстраваў з падручных матэрыялаў. Часам настаўнікі з Кублічаў перадавалі мне свае гадзіньнікі — то ўставіць шкло, то адрамантаваць. Дзёмка заўжды з платы ў адзін рубель даваў мне 20 капеек. Яшчэ ён выпісваў газету «Красная звезда», якая мяне тады дужа цікавіла: як жа, вайсковая газеціна.