Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 277

Васіль Быкаў

І Яўген Васільевіч паслаў у «Правду». І празь які месяц «Правда» надрукавала адзін верш да дня нараджэньня Леніна. Яўген Васільевіч на радасьць літкансультанта перастаў насіць вершы ў абласную газету, усё, што пісаў, адсылаў у «Правду». Але болей там не зьявілася ніводнага яго верша. Ды то не бяда — аўтар быў упэўнены, што ягоныя вершы — толькі для галоўнай газэты краіны. Тым і ганарыўся. І напісаў яшчэ шмат.

Ехалі ў адпачынак, папрасілі суседзяў паглядзець за кватэрай. Добрыя былі суседзі. Але ў аэрапорце спахапіліся — нешта забылі. Гаспадар на таксі вярнуўся на кватэру і… застаў там суседзяў, якія шнырылі па ягоных камодах.

Добрыя былі суседзі.

У 1946 годзе ў Мікалаеве лютавалі бандыты. Рабавалі, забівалі. Афіцэры з казармаў разыходзіліся позна. Адзін ротны, прыпазьніўшыся, узяў свой табэльны ТТ.

І якраз каля парку Пятроўскага яго спынілі трое. «Скідвай боты!» Ротны выняў пісталет і паклаў аднаго. Іншыя ўцяклі. Тут жа далажыў у камэндатуру. Праз пару месяцаў ротнага судзілі. Далі 6 гадоў за забойства. Пасьля асуджаны казаў: «Які я дурань! Лепш бы аддаў ім боты, шынель, голы неяк дабег да дому. Але ж хто ведаў, што законы пісаны для рабаўнікоў, а не для сумленных…».

Яны прарываліся з акружэньня. Камбат і санінструктар. Як выйшлі, ён папрасіў яе стрэліць яму ў руку, каб па выхадзе не арыштавалі. Яна яго кахала, але… была камсамолкай. І стрэліла ў яго…

Цяпер 50 гадоў дакарае сябе.

Атрымаў позву на паседжаньне і не хацеў ісьці. Але даўно не хадзіў у Саюз пісьменьнікаў, даўно нікога ня бачыў, падумаў: схаджу. Пабачыцца, пагаварыць з мудрымі. Тым болей, што такія падзеі адбыліся за апошні час у Беларусі і ў сьвеце.

Ажно ня тое б яно было. Зноў, як і 10 і 20 гадоў назад, Б. пачаў расказваць нешта сьмешнае пра Пестрака, яму падхіхікваў Ч. Пасьля Ч. пачаў даволі бесцырымонна ўпэўніваць астатніх, што яму трэба прэмія (бо мінулая прысуджана за кіно, а цяпер — за літаратуру). За некага з ліку патрэбных закідваў слова Ш. Пра сёньняшняе страшнае і балючае — ні слова. Як і 10 і 20 гадоў таму.

Во — школа!

У гады вайны ўся партызанка была пад кіраўніцтвам Масквы. Адтуль дасылаліся розныя групы. У тым ліку і чэкісцкія, — пад выглядам разьведвальных. Але што было выведваць у глыбокім нямецкім тыле? У лясах, балотах ды глухіх вёсках? Я ўсё думаў, што тут нешта ня тое.

Аказалася, сапраўды ня так. Чэкісцкія групы мелі больш пэўнае заданьне: вынішчаць «класава чужды элемент». Не данішчаны ў перадваенныя гады. Што яны і рабілі з апорай на мясцовы актыў. Часам самі, часам рукамі немцаў — як Менскае падпольле. А разьведка — гэта любімая «крыша» ўсіх чэкістаў.

Сустрэча з чытачамі ў бібліятэцы. Прадставіла маладая бібліятэкарка, у зале — чалавек 18–20. Стандартныя пытаньні: як вы працуеце, як адносіцеся, творчыя пляны.

Выйшаў на вуліцу і на тралейбусным прыпынку трапіў у людзкі натоўп, у тралейбус было ня ўлезьці. Гэта непадалёк скончыўся канцэрт заежджай рок-групы. Тысячы людзей. Натхненьне. Ажыўленьне. Гэта культура часу. Маскульт, перад якой уся ранейшая — непатрэбшчына. Старая, бедная бабуля…