Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 278

Васіль Быкаў

На адным з перадвыбарчых сходаў наважыўся. Калі з залы папыталіся, чаму дэмакратаў не падтрымліваюць гэтак дружна, як камуністаў, сказаў: бо так інструктуюць спэцорганы. Праз сваіх сэксотаў. Думаў: зараз будуць аплядысмэнты, бо хто ж таго ня ведае, хіба ніхто не гаворыць. Але бачу: позіркі ў зале адразу патухлі, твары пазмрачнелі. Ніякой рэакцыі.

Пасьля, як ехалі дамоў, нагадаў пра той эпізод сябрам у аўтобусе, думаў, пачнецца размова. Ды не. Зноў рэакцыя тая ж — раптоўная апатыя. А праз хвіліну — прапанова самага гаваркога: «Давайце сьпяём…».

Вось так!

Прыехаў у замежную краіну, дзе не было нікога знаёмага. Аднак нехта ўзяў над ім апеку: гатэль і г. д. З таго часу на доўгія гады — самае сардэчнае сяброўства. Езьдзілі адзін да аднаго, сябравалі сем’ямі.

І толькі нядаўна даведаўся, што той — чалавек бясьпекі і ўсё рабіў па яе заданьні…

Пункціры жыцьця

Далітаратурная біяграфія

Сшытак першы

Сёлета вясной гэты сшытак мне падарыла адна мілая немка-перакладчыца ў Кілі. Сказала: для Вашых твораў.

Што ж — трэба пісаць.

16 лістапада 1993 году

Бачыў у І. Буніна графічную выяву месяцаў году. Цікава, што ў маім уяўленьні таксама даўно складзеная пэўная выява.

Чорныя ў іх — самыя непрыемныя. У сэнсе надвор’я, канешне.

Можа, самае першае ўражаньне маленства, якое запомнілася, — спалох.

Было лета, і я з бацькам ехаў на нейкае сьвята ў Стайкі. Дарога пайшла на спуск да Камароўскага возера, дзе быў масток цераз пратоку, конь пабег з гары, і я спалохаўся, што мы ўвалімся ў возера. Бацька засьмяяўся, і я стаў спакайнець. Было мне тады, можа, год пяць.

Цяпер у Кублічах на месцы царквы — зарослы травой пагорак. А некалі гэта была прыгожая царква з купаламі. Там мяне хрысьціў айцец Забела. Памятаю прычасьце — лыжачку салодкага віна — і хор. Сьпеў таго хору запомніў на ўсё жыцьцё. І, здаецца, пасьля нічога болей прыгожага ня чуў у жыцьці.

Бунін піша ў дзёньніку, што ўсе свае творы выдумаў. Баюся сабе прызнацца, але, мусіць, і я таксама. А пасьля неяк сачыняў «гісторыю стварэньня», бо няёмка было прызнацца, што прыдумаў. Ды й чытачам нецікава. Але ў гэтым сшытку — толькі пра тое, што перажыў, праўда былога, хоць гэта — адчуваю — будзе нялёгка.

У некага (Рэмарка?) ёсьць выраз: «Дробязі суцяшаюць». Ня ведаю, як у каго, а ў мяне дык скрозь дробязі раздражняюць. Ці гэта такое жыцьцё? Ці склад характару? Ці ўзрост?

Мяне да літаратуры ў пэўнай меры вялі падручнікі, граматыкі мовы. Расейскай і асабліва — беларускай.

Здаецца, у пятым класе ў граматыцы прыводзіліся прыклады з Коласаўскай «Дрыгвы», якія дужа інтрыгавалі дзіцячае ўяўленьне. Кніжкі, аднак, не было, і вось неяк улетку ў Селішчах у сельмагу ўбачыў «Дрыгву». Але ж грошы… Некаторыя хлопцы зь вёскі дралі на балоце кару з крушыны, сушылі, пасьля здавалі ў сяльпо. Давялося палазіць па кустоўі, трохі насушыў, аднёс у Гушчанскую Слабодку (кілямэтраў за пяць). Купіў «Дрыгву». Была асалода. Не пашкадаваў ні грошай, ні працы.