Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 275

Васіль Быкаў

Кацюшы, кацюшы…

Колькі пра іх складзена міфаў, колькі прысьвечана ім паэтычных радкоў. А на справе ўсё тое блеф, створаны, як і ўсё, камуністычнай прапагандай. Кацюшы гэтыя — болей прадукт камуністычнага ўзьдзеяньня на псыхалёгію. На фронце іх не любілі. Пехацінцы іх пракліналі. Яны давалі адзін-два залпы — невядома куды, падымалі хмару пылу і дыму і хуценька зматваліся. Праз 5 хвілінаў па тым месцы пачынала малаціць нямецкая артылерыя, і дужа даставалася тым, хто ня мог змыцца. Пяхота не магла, яна і плаціла за гэтыя залпы.

Эфэктыўнасьць іх была мізэрная, бо білі яны па плошчы, без прыстрэлкі і рабілі куды болей вэрхалу, чым карысьці.

На Данцы ў 1943-м доўга стаялі ў абароне, умацоўваліся, капалі, мініравалі. І ладзілі пошук разьведчыкаў. І нашыя і немцы. Аднаго разу старшына роты паслаў у гаспадарчую частку пасыльнага, маладога салдата. З заяўкай на мыла. На паперцы зьверху пазначыў: «сав. сакрэтна». Салдат толькі нядаўна прыняў прысягу і прыбыў на фронт, і да загадаў начальства адносіўся дужа сур’ёзна. І ў лагчынцы, як зьвечарэла, нарваўся на нямецкіх разьведчыкаў. Прыняў бой. Каб ня трапіў сакрэтны дакумент у рукі ворага, зьеў яго. Сам быў паранены і загінуў. Уранку з рота выкалупалі ражок тае заяўкі з «сав. сакрэтнаю» паметкаю.

Пасьля вызваленьня Беларусі, недзе ўвосень 44-га году, сястра Валя, якой тады было 18 гадоў, пагадзілася ісьці ва Ўсходнюю Прусію, каб прыгнаць адтуль у раён каровы. Сказалі, як прыгоняць, усім дадуць па карове. Сястра абрадавалася — сваёй каровы ўжо не было. Гналі той статак доўга, трэба было даіць і пасьвіць, і самім карміцца. Напакутавалася страшэнна. А як прыгналі, кароў усіх разьмеркавалі па калгасах, а прыгоншчыкам — дулю.

У каторы раз ашукала начальства. Пасьля такога ашуканства было безьліч.

Ён быў прарок і вёў за сабой іншых. За ім ішлі. Яму верылі. І ён вучыў боскаму. Бо і сам быў паўбогам. Аднак іншыя ня ведалі, што ён бесьсьмяротны, а яны сьмяротныя. Прыйшоў крызысны час, яны загінулі. А ён пайшоў вучыць іншых. Боскае праўдзе. Высокаму і добраму. Ён мог сабе тое дазволіць.

У 1939 годзе адбылося «ўзьяднаньне», «далучэньне», «вызваленьне» ці як там Заходняй Беларусі. Ад мае вёскі да былой польскай мяжы было якіх 2 км. Па той бок засталася маміна радзіма, вёска Завулак, яе брат і іншая радня. Усе гады, аж да 39-га, я чуў яе расповеды пра Завулак, іхняе бліжняе мястэчка Празарокі, азёры, мясьціны. Але ня бачыў нічога. 20 гадоў — ніякой сувязі.

Увосень 39-га мяжа перасунулася аж за Беласток. Але старую не зьнялі. Пагранічнікі вартавалі, як і раней. А ў нас, як і ўсе калгасныя гады, галаднавата, паснавата. І маці надумала. Неяк цёмнаю восеньскай ночкай пайшла ў Караваінскі бор — парушаць граніцу. Колькі натрывалася страху… Але прайшла. Туды і назад. І прынесла на плячах торбачку мукі і барановую лапатку — гасьцінцы ад брата. Заходняга селяніна. Які гібеў ад белапольскай акупацыі. А мы раскашавалі пад роднай савецкай уладай. І гадамі сядзелі бяз хлебу.