Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 249
Васіль Быкаў
У адзін зь дзён напрыканцы візыту я быў прызначаны ў групу эканамістаў для сустрэчы ў амэрыканскіх дзелавых колах. Сваіх расейскіх калегаў у гатэлі не знайшоў, думаў, што пабачу іх на месцы сустрэчы, недзе ў Iнстытуце ўсходніх зносінаў, ці як ён там дакладна называўся. Прыехаў туды загадзя, чакаў каля брамы, ды нікога не дачакаўся. Змушаны быў ісьці адзін, бо насьпеў час сустрэчы.
У шыкоўным будынку па шырокай дывановай лесьвіцы мяне прывялі на другі паверх, дзе за круглым сталом ужо сабраўся з тузін старых амэрыканцаў, — усе старанна апранутыя, у тройках, з гальштукамі і бабачкамі. Некаторыя зь кіёчкамі ў руках. Па чарзе прадставіліся, усім я паціснуў іх старэчыя, бы птушыныя лапкі, пальчыкі. Селі за ланч, штось елі, трохі выпілі віна, якое падліваў служка. Пакуль былі заняты ланчам, усе маўчалі. (Амаль маўчалі.) Толькі як ланч быў скончаны, перавялі позіркі на госьця. Госьць у той час пачуваўся даволі ніякавата, бо калегаў усё не было. А што гаварыць з гэтымі, ня ведаў.
Закурыўшы свае сігары, «гэтыя» найперш папыталіся, якую фірму госьць прэзэнтуе? Я трохі памарудзіў і адказаў, што тая фірма завецца Саюз пісьменьнікаў. Гаспадары стрымана зірнулі адзін на аднаго, хтось пагартаў нейкія паперы, што былі раскладзены перад ім, ды, мабыць, названай фірмы ў іх не знайшоў. Але болей не пытаўся. Я штось пачаў гаварыць пра важнасьць устанаўленьня эканамічных сувязяў паміж нашымі краінамі, мяне засяроджана слухалі, хаця за сталом ужо запанавала няёмкасьць. Я ўсё не пераставаў чакаць сваіх эканамістаў — адмыслоўцаў з міністэрстваў і ведамстваў, ды іх не было. Тады пасьля даволі працяглай паўзы адзін ці не самы стары амэрыканец запытаў: «А якім чынам яны могуць вывозіць прыбыткі ад свайго бізнэсу? Ці ня мог бы сэр Быкаў назваць адпаведны банк?». Сэр Быкаў на тое толькі паціснуў худымі плячыма. Тады старэйшы за сталом падняў бакал зь віном і прапанаваў выпіць за здароўе прэзыдэнта Гарбачова. Выпілі і ўсе ўсталі. Мой візыт да дзелавой Амэрыкі быў скончаны.
Увечары ў гатэлі я папытаўся ў Iгара Дзядкова: як тое разумець? Чаму савецкія эканамісты ігнаравалі сустрэчу? Iгар Аляксандравіч, які лепей за мяне арыентаваўся ў вялікай палітыцы, толькі ўсьміхнуўся: а што б яны там сказалі? Што яны наогул могуць сказаць амэрыканскім капіталістам? Ды й не па тое яны прыехалі…
Мабыць, і праўда — не па тое…
Разумны і сумленны Iгар Аляксандравіч! Тое была мая перадапошняя зь ім сустрэча. Апошняя адбылася праз трохі часу ў Маскве. Пасьля сэсіі позна ўвечары мы паехалі зь ім да Лазара Лазарава. Трохі выпілі там. Дзядкоў ужо жыў у Маскве, працаваў у нядаўнім часопісе «Коммунист», пераназваным на «Свободную мысль». На той час ён напісаў і выдаў кнігу пра маю творчасьць, шмат друкаваўся ў маскоўскіх літаратурных часопісах.
Але настрой яго мне не спадабаўся — быў змрочны, упалы. Позна ўначы я адвёз яго на таксі да ягонай кватэры, мы коратка разьвіталіся і болей ужо не пабачыліся. Iгар Аляксандравіч неўзабаве памёр ад невылечнай хваробы…