Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 247
Васіль Быкаў
Забягаючы наперад, зазначу, што той канфлікт меў працяг. Як у Крамлі адбылося паседжаньне савету старэйшынаў (пасьля выбараў народных дэпутатаў СССР), на перапынку Гарбачоў падышоў дa мяне і папытаўся, як цяпер у Беларусі? Ці пацішэла кіраўніцтва? Я пачаў апавядаць пра дэталі, але тут да нас падскочылі іншыя з шырокімі вушамі, і Гарбачоў прыпыніў размову. Сказаў, пасьля… Але пасьля ўжо не настала. Настала іншае пасьля, пры якім Гарбачову стала не да Беларусі…
Ішло вылучэньне кандыдатаў у Вярхоўны Савет БССР. Канчатковаму іх зацьверджаньню папярэдніла прыдзірлівая селекцыя-абмеркаваньне на т. зв. выбарчых сходах. Прадстаўнікі «грамадзкасьці» падрабязна абмяркоўвалі ўсіх і «рэзалі» няўгодных. Уся справа была ў палітычнай арыентацыі кандыдатаў і падборы прадстаўнікоў.
У Дом культуры, што ля ст. мэтро «Маскоўская», дзе змушаны былі трымаць «агледзіны» з тузін кандыдатаў, прыйшлі (вядома ж, арганізаваныя гаркамам) некалькі соцень спартсмэнаў з Інстытуту фізкультуры. Яны былі вельмі актыўныя, дружна галасавалі за кандыдатаў-камуністых і рэзалі інтэлігентаў. Тады яшчэ да выбарчага старту адхілілі многіх. Але напрыканцы, відаць, стаміліся — забалелі горлы выступаць як «за», так і «супроць». Адзін кандыдат, які доўга чакаў свае чаргі, меў прозьвішча на адну з апошніх літараў алфавіту, і сход на яго проста слаба адрэагаваў у сваім змоўніцкім адмаўленьні.
Тым кандыдатам апынуўся С. С. Шушкевіч, які з таго сходу зрабіў свой бліскучы палітычны старт.
109. У Амэрыку з Гарбачовым
Мінула трохі часу, я пачаў пісаць чарговую аповесьць, але мусіў увесь час прыпыняцца — не было адбою ад журналістаў, сваіх і прыежджых. За гэты час у Менск завіталі карэспандэнты з Варшавы, Прагі, зь нямецкага «Шпігелю», маскоўскія газэтчыкі наогул, здаецца, не выяжджалі зь Беларусі. Даваць інтэрв’ю — справа няўдзячная ва ўсіх адносінах, бо далёка не заўсёды маеш магчымасьць пракантраляваць аканчальны тэкст, заўсёды знойдуцца недакладнасьці, а то і памылкі, за якія пасьля бывае болей чым прыкра. А тут яшчэ камуністы папракаюць далярамі, — быццам за інтэрв’ю хто плоціць.
Аднойчы нечакана, нават без папярэдняга званку на парозе зьявіўся Анатоль Бутэвіч, які тады працаваў у ЦК, і ашаломіў: трэба ехаць у Маскву. Во білеты, праз тры гадзіны будзе машына і — у аэрапорт. Паедзеце ў Амэрыку з Гарбачовым.
Toe было дзіўнавата, у Амэрыку я яшчэ ня езьдзіў. Але навошта з Гарбачовым? Таго Бутэвіч ня ведаў, сказаў толькі: каманда з ЦК КПСС. Раю пасьпяшацца.
Што ж, дзеля такой справы можна было і пасьпяшацца.
Я хуценька сабраўся і паехаў. У Маскве спаткала ў аэрапорце кансультантка СП па беларускай літаратуры Галя Грыбоўская, адвезла на Старую плошчу. Там хуценька правялі па нейкіх кабінэтах, напісалі, падпісалі што трэба было — дакумэнты, грошы. Валюты ў касе ўжо не аказалася, нейкая бухгалтарка выняла з сумачкі свае 200 даляраў, з тым і паехаў ва Унукаўскі аэрапорт.