Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 250
Васіль Быкаў
А тады быў прыём у ААН, мы спаткаліся зь Міхаілам Сяргеевічам і Раісай Максімаўнай; за фуршэтам я трохі пагутарыў з Аляксандрам Мікалаевічам Якаўлевым. Папытаўся, чаму ён сышоў з культуры, якой апекаваўся ў ЦК, і той адказаў проста: камунапатрыёты выжылі. Як пасьля стала вядома, тое было праўдай. Камунапатрыёты заўсёды і ўсіх перамагалі — нават членаў палітбюро, — такую мелі сілу.
Уначы мяне пабудзіў Iгар Дзядкоў — усіх нашых з гатэлю клікалі ў прадстаўніцтва ААН, дзе мелася сустрэча з Гарбачовым. Мы хутка апрануліся і пайшлі — прадстаўніцтва было недалёка. Там перад варотамі ўжо зьбіраліся нашы, але ў будынак нікога не пушчалі — чакалі, калі падвязуць «раму», патрэбную дзеля бясьпекі Гарбачова. Абсурднасьць той меры была відавочнай — ад каго забясьпечваць ягоную бясьпеку? Але менавіта так. I мы не маглі даўмецца, якая прычына змусіла Гарбачова паднімаць сярод ночы ягоную дэлегацыю? Што здарылася? Тады паявіўся Шэварднадзэ і сказаў, што Гарбачоў перапыняе візыт, і мы вяртаемся. Але чаму, што здарылася? «А вы ня ведаеце, што здараецца дома, калі гаспадар у ад’езьдзе?» — сказаў шматвопытны журналіст-міжнароднік Валянцін Зорын. Мы пахаладзелі. Я спалохаўся, як даўно ўжо не палохаўся — няўжо путч? «Няўжо яны адважыліся!» — ціха і разгублена гаварыў Дзядкоў.
Але тады яны яшчэ не адважваліся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталіся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменіі бяда, растрэсла рэспубліку, раніцай адлятаем.
А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элітай Нью-Ёрку. Мы ня ведалі, што рабіць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзіць важных людзей, якія зьбяруцца ў шыкоўным гатэлі «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць і ўсё правесьці ў тэмпе. Так і зрабілі. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалі нетаропкія развагі старых мільянэраў, пачуваліся ўсе, бы на іголках. Час дужа падпіраў. Асабліва, як заўважылі, што некаторыя з нашых па адным зьнікаюць. Мы з Багамолавым і рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелі ў самым кутку, і нам нязручна было выбірацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбраліся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалі ў аэрапорт. Пачалі бегаць, каб злавіць якое таксі. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналіста ў машыне, які нас і завёз у аэрапорт імя Кенэдзі. Мы ледзьве пасьпелі ў самалёт.
А Уладзімер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, і Герою Савецкага Саюза давялося крычаць і махаць рукамі, каб яго не пакінулі. Сам Гарбачоў даў каманду прыпыніцца і ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганізацыі візыту, астатнія маўчалі. Усе былі незадаволеныя тым, што важны візыт па сутнасьці сарваны. Самы раз было б выпіць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць і змагаўся з п’янкамі. Затое ва Унукаўскім аэрапорце знайшоўся і каньяк і яшчэ нешта. Там усе добра расслабіліся. Пад раніцу Алег Цімафеевіч падвёз мяне ў Шарамецьева1, адкуль я скіраваў у Менск.