Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 248
Васіль Быкаў
У невялічкай і ўтульнай зальцы ўрадавага аэрапорту зьбіраліся тыя, каму належала суправаджаць Гарбачова на спатканьне з Рэйганам. Там я ўбачыў некаторых знаёмых і сярод іх пісьменьнікаў Iгара Дзядкова і Уладзіміра Карпава, рэжысэраў Марка Захарава, грузіна Тэнгіза Абуладзэ, цэкоўца Наіля Бікеніна, журналіста Андрэя Грачова, некаторых іншых. Гарбачоў з Раісай Максімаўнай і аховай ляцелі ў другім самалёце.
Пералёт быў даўгі, зь дзьвюма пасадкамі — у Англіі і Канадзе. Ці ня ўсе ў самалёце былі між сабой знаёмыя, сядалі хто дзе хацеў і актыўна кантактавалі. Ля мяне сеў нейкі незнаёмы чалавек, дужа гаваркі і кампанейскі, ён усё распытваў мяне пра палітыку ў Беларусі і сам шмат распавёў пра перабудову. Пасьля я папытаўся, хто гэта, але ніхто са знаёмых ня мог мне адказаць. У Нью-Ёрку той зьнік, і болей я яго ня бачыў.
Першую ноч у Амэрыцы пераначаваў у цесным кутнім пакойчыку беларускага прадстаўніцтва ў ААН, куды мяне пасяліў прадстаўнік Леў Максімаў. Ён сказаў, што ў тым пакоі знаходзілі прытулак шмат якія беларускія пісьменьнікі, што прыяжджалі на сэсіі ААН. Затым мяне перавялі ў недалёкі гатэль, да астатняй дэлегацыі. Пра тое паклапаціўся Iгар Дзядкоў, — каб быць разам. Там на адным паверсе мы пражылі побач некалькі дзён. Нашымі суседзямі былі Андрэй Грачоў і акадэмік Алег Багамолаў. Першы дзень (хутчэй рэшта дня) апынуўся вольным, і мы пайшлі швэндаць па горадзе, які бачылі ўпершыню. Пятая авэню, ваколіцы цэнтральнага парку, Брадвей… У Нью-Ёрку найперш уражвалі яго высачэзныя шкляныя гмахі. Вуліцы, што ўдзень патаналі ў цяні, ноччу былі дашчэнту заліты электрычнасьцю — тое было ненатуральна пасьля цёмнай і пустэльнай уначы Масквы. Тут да ранку таўкліся людзі, панавала разнамоўе, чуўся звыклы расейскі мат, — нашы ня стрымліваліся, мяркуючы, што ніхто іх не разумее.
Пакуль наш шэф кантактаваў з Рэйганам, мы ўдзельнічалі ў прэс-канфэрэнцыях, дзеля якіх, як я зразумеў, і прыехалі. Кіраваў усім прэс-аташэ Андрэй Грачоў. На добрай ангельскай мове ён тлумачыў рознакаляровым журналістам асновы новай палітыкі Гарбачова, мы ўдакладнялі дэталі і адказвалі на пытаньні. Цікавасьць з боку журналістаў была вялікая, пытаньняў задавалі шмат. Не на ўсе зь іх мы маглі даць адказы, асабліва ў галіне эканомікі ці фінансаў. Ну а што да культуры, дык тут Iгар Дзядкоў і адказваў і азадачваў адначасна. Бо і сам надта сумняваўся ў перабудове, якая ажыцьцяўляецца пад кіраўніцтвам партыі камуністаў.
Першую сустрэчу з Гарбачовым на амэрыканскай зямлі я прапусьціў — з Уладзімерам Карпавым хадзілі па НьюЁрку. Позна ўвечары заблудзіліся і ня ведалі, як дабрацца да нашага гатэлю. Узялі таксоўку, сеўшы ў якую, я запытаў у Карпава: «А на якой мове мы размаўляць будзем?» I тады наш шафёр кажа: «На расейскай, таварышы, на расейскай». Аказалася, што ён зь Ленінграду, колькі год таму прыехаў да сына, які тут меў пасьпяховы бізнэс, але прагарэў, і цяпер, каб уратаваць таго ад банкруцтва, бацька па васямнаццаць гадзін у суткі круціць баранку — зарабляе грошы. Мы паспачувалі старому.