Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 245
Васіль Быкаў
Цяпер Таразевіч выглядаў дужа заклапочаным і спаткаў мяне пытаньнем: «Што гэта вы стварылі, то ж — палітычная партыя. Гэта падсудная справа, пракуратура пачынае расьсьледаваньне…»
Увечары я, Пазьняк і Дубянецкі спаткаліся ў скверы. Дубянецкі прапанаваў мне ўзначаліць аргкамітэт народнага фронту, ды я адмовіўся. Лепш бы, каб яго ўзначаліў Пазьняк, ды Пазьняк ужо задзейнічаны на Мартыралёгу. Народны фронт такім чынам заставаўся без старшыні.
Празь дзень да мяне на кватэру завіталі Васіль Якавенка з Алесем Емяльянавым. Апошні працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменьніцкая грамадзкасьць падвергла яго астракізму, хоць было невядома за што: за тое, што яго вербавалі, ці за тое, што ён прызнаўся. Абодвух прывёў да мяне адзін клопат — хто стане лідэрам БНФ? Угаворвалі мяне, ды я цьвёрда адмовіўся — я не хацеў ды і не адчуваў маральнага права на тую місію. У канцы нашай размовы я сказаў Васілю: «А чаму б табе не зрабіць тое?». Васіль сказаў, што падумае. I назаўтра якраз перад паседжаньнем аргкамітэту паведаміў, што згодны.
На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў камітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбакадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме?. Дзіўна было чуць гэткія словы ад майго нядаўняга сябра, які здаўна лічыўся нацыяналістам нумар адзін. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі «за». Пазьняка на сходзе тады не было.
Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенкаву. I калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое месца была абрана Мая Кляшторная, дачка панішчанага беларускага паэта і сама былая зьняволеная ГУЛАГу.
Якраз у гэты час — празь дзень ці два — насоўваліся Дзяды, меркавалася прыняць у іх удзел. Але на паседжаньні БНФ рашылі, што паколькі Дзяды — сьвята рэлігійнае, дык удзел у іх — справа асабістая. Я тады грыпаваў і на могілкі не пайшоў. А менавіта там разгарнуліся трагічныя для менчукоў падзеі. Як тысячы іх падышлі ад станцыі мэтро да могілкаў, там ужо нарыхтаваліся шэрагі войска і міліцыі — з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газамі з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там дарогу калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. I ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Тады і пасьля шмат людзей апынуліся зьбітыя і затрыманыя ў пастарунках.