Читать «Даўняе, незабыўнае...» онлайн - страница 6

Вячаслаў Адамчык

Зоня пабегла прыбіраць у хаце. I неўзабаве пад вясёлы гармонік Пятра ўсе агулам рушылі на сіўтукоў двор.

Быў тут і Васіль. Ён, здаецца, змарнеў за адзін гэты дзень. Ён сох па Зоні, увесь час трымаўся каля яе i нават спаважна прайшоў з ёю лёгкі вальс. Але Зоня старанілася яго i, вылучыўшы трапную хвіліну, уцякла ў купку дзяўчат. Васіль пачырванеў: ім, гэтакім багатым кавалерам, ганьбавала Зоня, да якой ён думае прыйсці ў сваты. Аднак яна падабалася яму. Я заўважыў гэта па яго вачах, па яго хадзе, па яго голасу перад ёю. Ён ішоў на рызыку: Зоня пойдзе за яго—-ён багаты, дзе-ж яна дзенецца.

Я, прызнаюся, не ведаў, што рабіць. Я любіў, i першы раз так неспадзявана адбівалі мае шчасце, якім я толькі жыў, аб якім было столькі думак i непакою. А яна? Зоня сарамліва, вінавата глядзела на мяне. Няўжо яна пяшчотна яму засмяецца, прыгорнецца да яго і, сустракаючыся калі-ні-калі, гляне на мяне, як на зусім далёкага, чужога, можа нават з нялюбасцю і агідаю? Няўжо ён прыхіліць да сябе ўсю яе, поўную дзявочасці і хараства? Не, я не ўпушчу сваё шчасце!

Ад гэтае думкі ў мяне адлегла на душы, i я нават быў павесялеў. Можа i не павесялеў, але мне зрабілася як-бы лягчэй.

На брукаваным сіўтуковым панадворку ўсе спыніліся i на нейкі момант сцішыліся. Чакалі Пятра. А калі ён падыйшоў, трохі накульгваючы і ўсё яшчэ граючы вясёлы марш, дзверы ў хату шырока адчыніліся.

Васіля яшчэ на парозе стрэў Сідар і запрасіў на кухню. Я разам з усімі пайшоў у хату, i там забыўся пра ўсё.

Музыка прымасціўся ў покуце на шырокай лаве, закінуў за плячо шырокі рамень i з заліхвацкім пераборам правёў пальцамі па роўчым радку белых гузікаў.

Эх, гармонік! Каго ён не развясельваў і каму ён да жалю не рэзаў маладое сэрца? I кульгавы Пятро спавольна расцягнуў мяхі, лёгка закружыліся вясёлыя пары, зазвінеў, глуха прыстукнуў бубен, прытупнулі ўзапар боты ў такт гармоніка—і злілося ўсё ў адзін густы гуд зычнага смеху, моцнай гутаркі, свавольнай музыкі і грукату падлогі. Расступіліся, паціснуліся ў цёмныя куты даглядныя чабеты, што з-за чужых плячэй цікавалі за непаседлівымі дочкамі, пашыліся назад дзеці — і пашырэў круг.

Я, нядоўга пастаяўшы ў парозе, праціснуўся наперад. Першая полька! Але, на шчасце, Зоня замарудзіла ці можа спадзявалася на мяне—не ішла з кім іншым, ці можа так, не набраўшыся адвагі ці ахвоты, сядзела на лаве трохі ўжо як чужая ад мноства людзей у сваёй хаце. На ёй была чорная спаднічка, кафтанік з кароткімі рукавамі, з белымі канцікамі, з белым каўнерыкам. I гэты не иадта модны ўбор, просты паркалёвы кафтанік, так прылягаў да яе стану, да поўных дзявочых грудзей!.. Чырвоны колер ішоў да яе смуглявага твару.

Я падыйшоў да Зоні. Падняліся чарнявыя тонкія бровы, вочы загарэліся,—яны былі толькі для мяне. Яе спрытная рука лягла на маё плячо—i мы лёгка закружыліся: яна здатная да полькі ды І я не малы аматар.

У рухавай польцы мы забыліся, што недалё­ка ад нас, усяго цераз парог, у цвілой кухні сядзіць Васіль, падрахоўвае свае выдаткі на спраўнае вяселле, а перад ім стары Сідар казырыцца слаўнаю дачкою і запэўняе яго добрым пасагам.