Читать «Даўняе, незабыўнае...» онлайн - страница 7

Вячаслаў Адамчык

Полька змянялася вальсам, а там і зноў пачыналася тая-ж самая доўгая полька. Толькі дашчэнту ўмарыўшыся і спацеўшы, мы выйшлі ў сенцы. Я хацеў сказаць Зоні шмат аб чым, шмат чаго запытацца, параіцца. Адзін ва ўсім не разбярэшся, не здагадаешся. Ды, гавару праўду, я добра не ведаў, як выйсці з такіх абставін.

— Пойдзем адсюль... Тут цяжка жыць, тут немагчыма табе і мне,—казаў я.

Яе пальчыкі ўздрыгнулі ў маёй руцэ.

— Куды, Уладак, ну, куды?

Яе непакой павялічыўся. Яна моцна ўхапілася сваімі рукамі мне за грудзі, закалацілася ўся.

— Я не ведаю, я не скажу... Куды-ж гэта, Уладак?

Рукі Зоні моцна задрыжэлі, i мяне яна як-бы хацела прыцягнуць, не пусціць ад сябе.

— Мы пойдзем, Зоня, пойдзем у свет. Там хоць чужыя, але не такія ліхія людзі.

Больш не помню, што я гаварыў, але ў сен­цах яна заплакала i, здаецца, выбегла на

двор. Потым-жа яна ужо была ў хаце. Я зайшоу на кухню напіцца вады.

Тут усё яшчэ сядзелі Васіль з Сідарам. Гаспадар, набраўшыся не ў меру, адразу з’ехаў ля стала, асунуўся з лаўкІ на зямлю i, не ўстаючы, поўз аж да парога. Намацаў рукам! вушак, учапіўся за яго і ўстаў. Васіль яшчэ трымаўся на нагах, ступіў за Сіўтуком. Я выйшаў за імі.

Сідар цераз сілу зацягнуў прыпеўку. Ды хоць-бы запеў, а то проста драў горла на ўсю хату:

Полька тая, полька гэта,

Полька добрая кабета.

Ён выпучыў жывот, закінуў голаў назад, перагнуўся ўвесь і зашоргаў ботамі па падлозе.

Полька дома не начуе,

Полька з хлопцамі танцуе.

Васіль, разводзячы рукамі жанок i дзяцей, што заторылі праход, падыйшоў да Пятра i заказаў вальс. Ён азірнуўся кругом, i асалавелыя вочы яго шукалі толькі яе, Зоні. I знайшлі. Яны востра ўпіліся ў мяне. Зоня, вядома, бы­ла са мною. Мы толькі прайшлі няпоўны пер­шы круг. Перад намі, вызверыўшыся, нібы з-пад зямлі, вырас п’яны Сідар. Правае вока яго прыжмурылася:

— Вон адсюль, вон з мае хаты, i каб нагі твае тут...

Ён збялеў і пацягнуўся сухім кулаком да майго твару, але я абараніўся. Толькі я знячэўку так працягнуў рукі, што ён, стары, п'яны, бразнуўся на падлогу. Здаецца, намагаўся яшчэ ўстаць, але мне добра не помніцца. Нечым цяжкім і даволі-такі ёмкім мне ззаду пеканулі па плячы, і я адчуў востры боль. Гэ­та, напэўна, біў Васіль, біў за сябе i за зганьбаванага, асаромленага перад усімі людзьмі Сіўтука. Біў ён метка, напавал—i так, каб я не падняўся, не ўстаў ніколі. Другі раз секануў па галаве—i мне стала горача, забегалі, замітусіліся чырвоныя іскры, i пацямнела для мяне ў хаце. Я аслабеў, але яшчэ ступіў да парога. Дзверы ў сенцы былі адчыненыя— паваліўся цераз парог. Я страціў прытомнасць. Помніў сябе толькі тады, калі намацаў на га­лаве мокрую хустку, ды яшчэ ніяк усё не мог разабрацца, чаму я ляжу на прызбе, на сухім бульбоўніку, чаму гэтак моцна баліць галава гэтак страшна звініць у вушах.

Васіль моцна пабіў мяне. Але рана была невялікая. Я скора паправіўся. А Зоня? Яна шкадавала. Тры дні даглядала мяне, хаваючыся ад бацькі i крадком прыносіла мне есці.

Я быў хлопец моцны i за гэтыя тры дні а чуняў, устаў на ногі.