Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 32

Алесь Пашкевіч

Разглядаць стаў, як вярнуўся да дзядзькавых саней. І ледзь не ўсю і прачытаў тады, ледзь рукі не памарозіў — ні на што не зважаў, не чуў нічога…

Дамоў вярталіся пасля абеда. Маўчалі. Ледзь не ўвесь свой тавар назад везлі. Скуркі крыху толькі параспродвалі. І тады пляменнік зноў у кнігу ўнурыўся. Пра сябе штось у такт прабомкаў, на што і дзядзька адвярнуўся. Лейцы між коленцаў прыціснуў (дарога ўжо намечанай была, і конік, грэючыся, і без ягонай уздапамогі дамоў бег), танчэйшую кніжку пагартаў — і не ўсцерпеў такі:

― Ну вото гэту хоць пачытаць можна, а тая ж не па-нашаму… І што ты там пабачыць можаш?

― Го, дзядзька! Гэта ж Міцкевіч!..

― Ну й што з таго Міцкевіча? Не па-нашаму ж, кажу…

― Дык ён жа наш, беларус, амаль зямляк ваш — з Наваградчыны.

― Ну…

― І пра наша ж піша! Вось паслухайце… — І нечакана, гледзячы ў польскі тэкст, распеўна задэкламаваў па-беларуску:

Уязджаю на прастор сухога акіяну. Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе; У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе, Мінаючы кусты калючага бур'яну…

― Хіба не пра нашы прасторы праспяваў тут паэта? — яго вочы, падціснутыя хваравітымі сінякамі, бліснулі раптам, заірдзелі.

Дзядзька зніякавеў, нос пашчыкаў:

― То што — так там і напісана?

― Так.

― Па-нашаму ўсё ж?

― Не… — пляменнік усміхнуўся. — З польскай гэта ўжо вось зараз едучы пералажыць паспрабаваў…

― То й спраўна ж ты гэта… Малайцом, верабей! Будзе, пэўна, толк з цябе. Не то, што мой вось дылда. — І падпіхнуў локцем сына. — Хаваўся йшчэ… Думаеш, не бачыў, што порах купляць сённячы бегаў на кірмашы? Давядзецца ўсё ж прадаць стрэльбу…

І ўсе надоўга змоўклі. Як і раней, пляменнік марудна перагортваў тонкім пальцам старонку за старонкай — а дарога зімовая роўная, не дрыготкая, і чытаць спраўна было. Шахцеў пад санямі снег, глуха тупацеў каняка… Высмелілася нарэшце і студзеньскае сонца…

А хто гэта дарогаю са Слуцка чытаў вершы Міцкевіча? Уладзімер Жылка, сын Адама Жылкі, швагра дзядзькі Кастуся з слуцкага Падлесся. Апошні і ўзяў пляменніка сёння на слуцкі кірмаш. Дагэтуль Жылка з бацькамі ў Менску жыў, летась хварэў моцна — горлам кроў хлынула, тры месяцы з ложка ўстаць не мог. Летам бацька і прывёз сына на Случчыну, напачатку да свайго брата ў Клецішча, а затым і ў Падлессе — да жончыных родзічаў, ― сілы «на малацэ й прыродзе» набрацца.

Думаў, маркотна ў кутку незнаёмым будзе, аж не — спадабалася тут, зачаравалі краявіды случанскія! Паланілі — раўніны лясныя з узбалоткамі, з крутлівай Вужанкай і грацыёзнай Лакнэяй (і як толькі, дзівіўся, назву такую атрымала?). Бліжэй да Слуцку рэчкі зліваліся, і далей яшчэ з кіламетраў дзесяць Лакнэя адна, перамогшы, бегла — у Случ.

Летам за вёскай ля сажалкі ўся малеча збіралася, а яны з братам за кіламетры два хадзілі — каля лесу возера невялікае з яйкам-востравам пасярод было. Вада чыстая, прахалодная… І рыбы безліч — ці не з Вужанкі, што саматужным канальчыкам з возерам злучалася? А далей — балоты, багнішчы. У лесе — грыбоў, ягадаў! Вось толькі зімою, праўда, сумна тут адзінотцам рабіралася…