Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 31

Алесь Пашкевіч

— Го, вераб'і!.. Прачынайцеся ўжо. Вунё й горад відзён, — гэта дзядзьку надакучыла трымаць маўчанку.

Раскатурхвацца й вылузвацца з-пад нагрэтай апоны хлопцам, па-праўдзе, не хацелася. Ды самі ж напрасіліся, надакучыла адно ў вёсцы аснежанай лайдакаваць…

Хлопцы — стрыечныя браты. Пажылі разам, паразумеліся, пасябравалі. На паляванне нават аднаго разу выбіраліся, за што дасталося ім на абаранкі ад сённяшняга вазьніцы (аднаму ён бацькам, другому дзядзькам даводзіўся). Пасля тога і стрэльбу ад іх перахаваў, і вось сёння на кірмаш браць напачатку не ўсхацеў — «Клопату адно з вамі, падшыванцамі…»

Сам жа ён і паляўнічым, і бондарам добрым быў. І не толькі тога-сёга прыкупіць збіраўся, але й сам на продаж шмат меў — і скурак лісіных і заечых, і кадак, і бондаў розных (ледзь праз іх уплішчыліся хлопцы на сані).

Напачатку сталі вынырваць з белічы слуцкія драўляныя дамкі з цаглянымі камінамі, а затым вуліца раптам расплылася, і яны апынуліся на рынкавым пляцы, ужо абуджаным, запоўненым людам (гэта яшчэ былі адны прадаўцы, але й ім цікава ж дазнацца пра цэны — на ўсё, што трапляла на вочы, — і ўжо бадзёрая гамана гудзела — як у вуллі — над рынкам).

Каб на якую паўгадзіну затрымаліся ўдома, ім магло б і месца тут не хапіць. Цмокаючы, праціснуліся такі ледзь не на пазадворкі і спешка пачалі раскрываць сані, расстаўляцца.

А тады і пакупнікі пайшлі, таксама гаваркія, нібыта стомленыя ад свайго маўклівага запечнага сядзення. Здавалася нават, што не купляць што-кольвечы цягнуліся сюды, а языкамі пакруціць-памянтоліць. Як жанкі, так і дзядзькі. І гаварылі — аж зайздросна станавілася. Гаспадароў сын кудысь збег. А пляменнік, ціхмяны, сарамлівы крыху, дзядзьку дапамагаць застаўся. Напачатку, прызнацца, разгубіўся нават — во дзе мова, во ў каго вучыцца! І лавіў пажадна і выразы, і словы нечаканыя, часта нават і невядомыя яму й незразумелыя.

― Бач, мы такую нелапую дарогу сюды пратапалі, а ён столькі за зайца дзярэ! — падшпільвала паўнаватая цётка, абкручаная, як лялька, доўгай хустай.

― А за бесцань — сама і ў лес тэпай ды каго хочаш там дзяры! — не паддаваўся дзядзька.

А потым і пляменнік кірмаш агледзець пайшоў. І трэба ж (нават і думаць не думаў) тут, сярод кадак з гуркамі й мочанымі яблыкамі, мяхамі пшаніцы й ячменя, сушоных і паўвэнджаных (заўялых) яршоў — іх нават на пост есці дазвалялася, — нанізаных на паўаршынныя калкі, якія звалі тут мёткамі (меркаю пры продажы і была мётка), тут лаву з кнігамі напаткаў! Перагледзеў усе, адразу ж томік Міцкевіча купіў, а калі разлічваўся, пашкадаваў-запытаўся:

― А што вы, дзядзька, беларускіх кніжак — не маеце?

― Беларускіх? — «дзядзька» — мужчына з барадою, у акулярах — крыху здзівіўся. — Малады пан хоча й беларускіх?.. — Нагнуўся над лаваю. — Вось слуцкія гімназісты выдрукавалі…

Ён адразу і не заўважыў гэтай някідкай кніжачкі, у саматужнай крыху вокладцы, з няроўным надпісам «Наша Каляіна». Купіў і яе, не разгарнуўшы нават.