Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 34

Алесь Пашкевіч

(З запісаў Алеся Ваяра)

* * *

Прыехаў дадому — нібыта й ведаў! — якраз на разгар падзей. Зранку хлопцы «Папараць-Кветкі» збіраліся ў Бараноўскага, наспех, а ў абед (толькі-толькі злез з фурманкі й чамаданік сцягнуў) сустрэўся з Сяргеем Буслом. Той:

― Вой-ма!.. Скуль ты тут? Пэўна ж… знаеш?.. — А потым толькі — руку працягнуў. — Здароў, браце!

А й не ведаў, і не знаў, і прысніцца не магло нават: дэфензіва выкрыла некаторыя падпольныя «пяцёркі», схапілі Адама Бабарэку і Анатоля Астрэйку…

Яшчэ з зімы многія падаліся ў лес — чакалі адыходу палякаў. Ды з Бярэзіны ўжо не чутно было раскацістых грукатаў гарматаў, заціхла ўсё маразамі — толькі згаладалыя ваўкі смела вылі за вёскамі, вяшчаючы нядобрае. А ў самы напал арганізацыйнай вясновай працы да іх, пэўна, зашыўся правакатар. І павыдаваў — усіх, з кім сышоўся. Усчаліся аблавы, арышты, вышукі. П'яная аблава ўварвалася і ў вёску Бабарэкі. Хто тыцнуўся на вуліцу — хапалі і ў гумно селяніна Салановіча… Ахвяру распраналі й ніцма клалі на ток. Адзін жандар садзіўся на галаву, другі — на ногі. Трэці напярэсцік біў гарапніком, звітым з тэлефоннага дроту. Калі ж гарапнік расхвостваўся — браў другім канцом і тоўк тронкам. Немарасцевыя крыкі — па ўсёй вёсцы. Жандары адбіралі сала, яйкі, гарэлку. Самога ж Якіма Салановіча ў ягоным жа гумне і застрэлілі. Рэшту (а там і Бабарэка, і Астрэйка) звязенілі — і ў Слуцак. Па дарозе яшчэ і ў Русаках затрымаліся, ды ўся моладзь ужо ў лесе была, а на папялішчы (вёска колькі дзён перад тым згарэла) — адны старыя й бабы. Ноч у турме, а назаўтра — у нядзелю — чатырнаццаць хлопцаў расстралялі, ― закутымі па руках і нагах… Астатнія ж — тыдзень ужо як у турме. Штодня — допыты ў фельчарскай камеры: і віскі абцугамі ціснулі, і пальцы ламалі, і стрэмкі — пад пазногці. Млеў хтось — вады халоднай на галаву, і — наноў. Калі ж і такое не «брала», не прызнаваліся — галавой уніз падвешвалі і гарапнікамі пяткі рассякалі. З катавальні-фельчарскай усіх потым — у бальніцу. Бабарэку, казалі, выпяклі на спіне пяцікутную зорку…

― Астроўскі — ты ж ведаеш, што з Новага году ён стаў кіраўніком Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям? — во-толечкі да начальніка павятовага пайшоў, трэці раз ужо… Мяне ж па перадачу… — Бусла цяжка пазнаць цяпер было: худы, вочы запалі, сінякі пад вачыма — паскамі, гаворыць хвалюючыся, блытаецца.

― Божа ж мой! Што ж вы ў Менск не паведамілі?! Ці ж так трэба… — Алесь і сам разгубленым, зніякавелым стаў. — То айда хутчэй, перадачу возьмем — і да хлопцаў. ― І паўшэптам па дарозе ўжо, подбегам: — Дык, кажаш, ні Бабарэка, ні Астрэйка ні ў чым не раскрыліся?..

Яшчэ з паўдня правялі яны каля турмы, пакуль урэшце палову вязняў не вызвалілі — вечарам ужо, цёмначы, — усіх тых, хто не прызнаваўся ў «дзейнасці супраць Польшчы». Сярод іх — і Бабарэку з Астрэйкам. Начаваць у горадзе хлопцы адмовіліся — і ў рызыку ўводзіць сяброў не хацелі (ведалі, што шпікі яшчэ доўга будуць «праводзіць»), і далей ад турэмных сценаў, ад паліцыі быць пажадалі, ― узялі з правіянту асноўнага, запалак і солі паболей, і падаліся за Слуцкі тракт, у лес.