Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 296
Алесь Пашкевіч
61
Наколькі «шчырай» была падтрымка акупантамі беларускага руху, могуць сведчыць тагачасныя данясенні Рыгора Мурашкі, беларускага пісьменніка, удзельніка мінскага падполля:
«<...>Дом друку немцы занялі пад казарму. З шматлікіх пакояў Белдзяржвыдавецтва выкінуты на двор як смецце і знішчаны: вялікі збор рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, што знаходзіліся ў працэсе падрыхтоўкі да друку, вялікая бібліятэка і архіў выдавецтва. <...> У падвалах Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна немцы зрабілі склад і халадзільнік. Кнігі павыкідвалі на двор ззаду бібліятэкі і палілі іх рэгулярна вялікімі кучамі. <...> Будынак Мастацкай галерэі заняты на пастой для нямецкіх афіцэраў. У выніку праз тыдзень-два са сценаў галерэі зніклі амаль усе карціны. <...> Найлепшым упрыгожаннем галерэі была калекцыя слуцкіх паясоў ― адзіная поўная ў свеце. Калекцыя ў залатой валюце каштавала да дзесяці мільенаў рублеў. <...> Праз некалькі дзен калекцыя слуцкіх паясоў была пагружана ў нямецкія ваенныя грузавыя машыны і накіравана ў невядомым напрамку, а па чутках ― у Кенінгсберг».
62
Пазней з кватэры Ермачэнкі «знікне» архіў Беларускага камітэта самапомачы ў Празе і патрапіць у Менск. У матэрыялах архіва будзе й пратакол тога сходу ад 27 чэрвеня 1941 года. Паводле яго Ларысу Геніюш і ейнага мужа асудзяць на 25 гадоў зняволення ў «папраўча-працоўных» лагерах, ― хоць на пратаколе іхнія подпісы хтось даставіў-вывеў пад капірку... Хоць у сваіх вершах Ларыса Геніюш ані слоўкам не абазвалася пра немцаў...
63
Старшыней Украінскага нацыянальнага камітэта стаў генерал Шандрук. Бандэра ўвайшоў у яго склад.
64
З Нямеччыны Радаслаў Астроўскі падаўся ў ЗША. У 1950 годзе ў беларускай эмігранцкай газэце «Беларуская Трыбуна» быў надрукаваны яго артыкул аб тым, што «вайна ў Карэі ― гэта ня толькі змаганьне за свабоду карэйскага народу, але й пачатак вайсковага паходу за незалежную Беларусь». Астроўскі заклікаў беларусаў запісвацца ў добраахвотнікі на карэйскі фронт, што выклікала адмоўную рэакцыю многіх эмігрантаў.
Памер Радаслаў Астроўскі ў 1976 годзе і быў урачыста пахаваны на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі).
65
Яшчэ пра больш «зблытаныя» арышт і смерць Канстанціна Езавітава згадваў Іван Касяк:
«Сябра БЦР гэнэрал Езавітаў пасьля хірургічнай апэрацыі ў 1945 годзе пад чужым прозьвішчам дастаўся на Беларусь, дзе працаваў настаўнікам. На настаўніцкай канфэрэнцыі ён быў распазнаны і пазьней павешаны ў Віцебску, дзе нарадзіўся».
Але сведчанні Івана Касяка ― сумніўныя, у іх шмат недакладнасцяў. Адна з іх: Езавітаў нарадзіўся не ў Віцебску... Легенду ж пра вяртанне на Беларусь па сваей волі і пакаранне «ворага» павешаннем маглі прыдумаць у адпаведных органах СССР.