Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 33

Алесь Пашкевіч

«…Упяршынь пра Уладзімера Жылку я пачуў ад Макара Краўцова. Правільней, напачатку верш ягоны ў красавіцкім нумары «Беларусі» прачытаў — і тады Макару Краўцову й абазваўся:

― Слухай, як моцна хтось піша:

Беларусь, Беларусь — гэты зык Паліць душу маю, як агнём… 

— і газэту Макару даў. Той нетаропка ўвесь верш прачытаў, і калі да подпісу — крыптоніма Ул. Ж. ― дайшоў, бровы ўзьняў, «Малайцом. Уладзя!» — нечакана выгукнуў.

― То ведаеш, хто? — нясьцерп мне стала.

― А як жа… — і зноў Макар спакойным зрабіўся. — Той, хто і гэта напісаў:

Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, смела Адважных, храбрых ваякоў!

― Ну гэта ж таксама з «Беларусі», колькі месяцаў таму!..

― Так-так Жылка гэта, Уладзімер. З ім мы яшчэ пры бальшавіках пазнаёміліся. Ад чразвычайкі іхняй я прыхоўваўся… Сам разумееш: былы афіцэр, не з імі — то дэзерцір… Пра вобыскі чакістых мяне загадзя папярэдзлі. Неяк, было, Чароту абмовіўся. А той — «Паехалі да мяне ў Весялоўку, за настаўніка сойдзеш…» Ну й паехалі. Гэта недалёка ад Менску… Чарот тамака гаспадарку ўзначальваў, а Жылка і за агранома, і за настаўніка быў. У Весялоўцы і пазнаёмліся. Разам і елі, і спалі. Ён усё вершы мне па памяці пераказваў. Не свае, а Лермантава, Блока, Брусава, Бальмонта — гадзінамі! А як палякі бальшавікоў з Менску выкурылі, мы разьехаліся… Я і да бацькоў ягоных заходзіў. Маці нездароваю, як і сам Жылка, была, сухотнаю на выгляд. Бацькі чыстаю беларускаю моваю гаварылі. Гасьцінныя. Дзе ўсе цяперака — ня ведаю. Трэ ў Лёсіка запытацца — мо ён падкажа, адкуль Жылка яму ў рэдакцыю «Беларусі» вершы дасылае…

Не паскупіўся я тады на час — увесь адвячорак з Лёсікавага дазволу капэрты з рэдакцыйнага архіву пераглядаў — і аплацілася мая цярплівасьць! Знайшоў такі ліст ад Жылкі. Капэрта акуратным дробным почыркам падпісана, з мяккім правльным, крыху ўзьлётным нахілам управа… І ажно па ілбе сабе стукнуў ад нечаканкі: «вёска Клецішча Слуцкага павета» — адрэса Жылкава была!.. Вось тады ж і адпісаў я ў Слуцак Лістападу й Бараноўскаму: адшукайце, зьвяжыцеся, падтрымайце! Толькі Жылку ў Клецішчах — за Капылём — не засьпелі. Родзічы пераказалі, што ён у Падлесьсе, да Раманейкаў, матчыных крэўнікаў, пагасьцяваць паехаў. Але ж колькі да тога Падлесься — яшчэ ж бліжай, кіламэтраў з дзесяць ад Слуцка!

І не проста адведалі — нашы хлопцы і нанач засталіся, і нагаварыліся. А пасьля той сустрэчы на цэлую «пяцёрку» ў «папараць-кветкаўскім» ланцугу паболела. Жылка знаёмцаў сваіх слуцкіх назваў, беларусаў… І сам, як запраўдны эсэр, супраць польскай палітыкі прагнай неаднакроць выказваўся. Ён жа, зрэшты, і згадзіўся стаць на чале самім складзенай «пяцёркі»… А «Поклічам» ягоным зачытвацца тады сталі ўсе «папараць-кветкаўцы», сваім гімнам ваяцкім зрабілі!

Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, смела Адважных, храбрых ваякоў! …Ня плач, ня плач па сыну, маці, Сягоньня сорам быць у хаце, Бо ўзьнят за волю грозны меч. Бо хутка будзе злая сеч, Няхай і ён, юнак адважны, Ідзе туды, дзе б'ецца кажны. За волю новую бяз сьлёз, Залепшы Бацькаушчыны лёс…