Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 289

Алесь Пашкевіч

Праз дзень былі ў Бад-Лібэнвэрдзе.

― Лібэнвэрд! — дзівіўся Езавітаў. — Ведаеш, Янка, як у перакладзе гэты горад гучыць? Стань любімым… Станавіся любімым. Так, здаецца…

Багдановіч усміхнуўся.

― А выглядаеце вы лепш. Адно баюся, каб не пачалося запаленне. Давайце наведаем мясцовы шпіталь.

А ў шпіталі ён абнечаканіў:

― Паляк з аўтамабілем знік!

Раніцай у Лібэнвэрд увайшлі часткі Савецкай арміі. Дачуўшыся пра гэта, Езавітаў намацаў свой наган, але Багдановіч паспеў яго выхапіць.

― Што гэта вы надумалі?! Застрэліцца? — Адхінуў на вакне белую запавеску, агледзеў вуліцу. — Трэба патрапіць да англа-амерыканцаў… Яны таксама павінны быць у горадзе. Я паспрабую каго-небудзь з іх расшукаць. Чакайце! — і знік.

Праз некалькі гарадскіх кварталаў ён спыніў савецкі грузавік.

― Добры дзень. Я — выведчык Зямноў, мой псеўданім Марс. Тэрмінова дастаўце мяне да ўпаўнаважанага контрвыведкі!

…Калі ў палату да Езавітава ўвайшлі трое вайскоўцаў у форме НКУС і назвалі ягонае прозвішча — ён не здзівіўся, не спалохаўся. Хітнуў галавой, нечакана ўсміхнуўся.

― Скажыце, прозвішча майго… ад'ютанта — не Багдановіч?

«Смершаўцы» пераглянуліся, паказалі яму на расчыненыя дзверы, а калі Езавітаў выйшаў на ганак, старэйшы па званні прасіпеў:

― Не турбуйся, ён — не Багдановіч.

Езавітаў узняў галаву, паглядзеў на лёгкія красавіцкія аблокі, выдыхнуў:

― І дзякуй Богу…

«Смершаўцы» падштурхнулі яго да машыны.

* * *

Напрыканцы 1945 года па беларускім радыё прагучала паведамленне:

«Здраднік беларускага народа і Радзімы фашыст Канстанцін Езавітаў быў асуджаны ў Віцебску на смерць і быў павешаны».

Па інфармацыі архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ён памёр 23 мая 1946 года ад сухотаў пры дыстрафіі 3-яй ступені ў турэмнай бальніцы МУС у Мінску…

1999 - 2000

Примечания

1

Вызначыўся падобна ― толькі ўжо ў час «нэпу» ― адзін селянін з Семежава, чый жарабец у Маскве на сельскагаспадарчай выстаўцы заняў другое месца ― з усяго СССР!

2

Пасля далучэння  да Савецкай Беларусі Заходняй чыгунка злучыла Слуцак з Баранавічамі.

3

Да гэтага галоўная вуліца Менска ― Захараўская ― звалася вуліцай Міцкевіча, Савецкай, Хаўптштрасэ, праспектамі Сталіна і Леніна.

4

Ліст гэты і па сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

5

Ліст захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

6

 У 20-х гадах Адам Бабарэка актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. У 1930-м арыштаваны НКУС і асуджаны на 5 гадоў, у 1937-м ― паўторны арышт. Памёр у лагерным шпіталі 10 кастрычніка 1938 года.

7

 Праз 80 гадоў гэта пацвердзяць адшуканыя тэлеграмы і банкаўскія дакумэнты. 27 жніўня 1918 года ў Берліне як сакрэтны дадатак да Брэст-Літоўскага міру быў падпісаны «Дадатковы фінансавы пратакол», па якім бальшавікі куплялі ваенны нейтралітэт Нямеччыны за 250 тон (!) золата і пастаўкі сгратэгічнай сыравіны. У верасні-кастрычніку 1918-га 93 тоны 542 кілаграмы золата на 120 мільёнаў залатых «царскіх» рублёў (322 мільёны залатых франкаў) у двух эшалонах Леніным і Троцкім былі накіраваны ў Берлін, у лістападзе золата здалі на захаванне ў сутарэнні Французскага банка, папярэдне адправіўшы міністру фінансаў Францыі Л. Клотцу і маршалу Фошу шыфраваную тэлеграму пад № 43: