Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 287

Алесь Пашкевіч

― Арганізацыі латышоў, літоўцаў ды эстонцаў, ― сказаў ён, — трымаюцца таго Балтыйскага блока, які існаваў яшчэ да вайны. Але мы былі б рады пашырыць яго чацвёртым удзельнікам — Беларуссю… Тым больш, што яна ўжо ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята Остланд…

А затым была яшчэ адна дзвюхгадзінная сустрэча — з тым жа Брачом, сябрамі латвійскага ўрада і камандзірам «Латвійскага легіёна» генералам Бангерскім. Генерал расказаў пра свой легіён і параіў па яго схеме фармаваць і легіён беларускі. Латышы ж цікавіліся структурай БЦР і не ўтойвалі, што па яе ўзоры хочуць стварыць свой нацыянальны камітэт.

― Напачатку склад рады быў вызначаны немцамі ў пятнаццаць чалавек, — расказваў Езавітаў. — Мы ж хацелі мець штосьці накшталт парламента, таму на Другім Усебеларускім кангрэсе пастанавілі пашырыць склад рады. На паседжанні БЦР 20 студзеня прынялі канстытуцыю Беларускай Народнай Рэспублікі, прэзідэнт БЦР стаў прэзідэнтам Беларусі, а для кіраўніцтва рады як парламента абралі прэзідыум. Кіраўнікі ўправамі БЦР склалі ўрад…

Абмеркавалі яшчэ шмат пытанняў. Пагадзіліся, што Балтыйскі блок галоўнай мэтай мусіць ставіць абарону незалежнасці ўсіх чатырох рэспублік ад суседняй Савецкай Расіі.

Езавітаў выглядаў стомленым, хворым, але перамоў не спыняў:

― Адно, спадары, нас турбуе, ці не стане Беларусь у Балтыйскім блоку ўнутранай калоніяй?

Суразмоўцы нават здзівіліся.

― Раўнапраўе ўсіх будзе гарантавана! — запэўніў Брач. — А Беларусь атрымае свабодны транзіт ва ўсе парты Балтыкі, у Лібаве-Ліепае зможа мець сваю мытню і ў марской крэпасці трымаць свой гарнізон. Зможа ва ўсе амбасады балтыйскіх дзяржаў накіраваць сваіх паслоў, што значна паменшыць затраты…

― А неабходная Блоку сыравіна будзе закупляцца толькі ў Беларусі і па найлепшым кошце, — дадаў генерал Бангерскі.

Езавітаў пагадзіўся на стварэнне камісіі па выпрацоўцы агульнай дамовы. Пачалі развітвацца.

― Васпан, пэўна, кепска сябе пачувае? — насцярожыўся Бангерскі.

― Так, прашу прабачыць… — Езавітаў зніякавеў. — Чакаю аперацыі на грыжу… З восені даймаюць прыступы…

Астроўскі ўсё часцей пачаў выяўляць да Езавітава насцярожанасць. Некалькі разоў пры сустрэчах хмурыўся, зрываўся на крык. Генерал удаваў, што не заўважае прэзідэнтавай раздражнёнасці, а той злаваўся яшчэ больш. Справа рабілася, і наступ Астроўскага Езавітаў мог патлумачыць толькі адным: бояззю канкурэнцыі.

Ішоў час, і Астроўскі рабіў Езавітаву ўсё больш грубыя закіды. Аднаго разу не стрымаўся і памяркоўны генерал… Астроўскі зморшчыў лоб, штось пратараторыў і схаваўся ў сваім кабінеце…

У сакавіку 1945 года Францішак Кушаль, ужо ў званні палкоўніка, прыехаў з Берліна ў Гіршау — і пабачыў дывізію «Беларусь» у заняпадзе. Дваццацітысячнае злучэнне планавалі перакінуць у Францыю — у раён Вогезы.

― Немцы робяць з нас жывы шчыт! — абураўся Сокал-Кутылоўскі. — А да ўсяго нейкі нямецкі капітан загадвае мне, камандзіру батальёна! — Яму БЦР нядаўна прысвоіла званне падпалкоўніка. — Ты ж ведаеш, Франц, што ў дывізіі васемнаццаць тысяч беларусаў, і ваяваць яны сабраліся не за гэтыя нямецкія вінаграднікі!