Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 288

Алесь Пашкевіч

Кушаль і Сокал-Кутылоўскі затрымаліся ў штабе і яшчэ доўга раіліся наконт будучыні брыгады…

А ў Возегах батальёны «Беларусі» адмовіліся выконваць загады нямецкага камандавання і, пастраляўшы нямецкіх камандзіраў, перайшлі на бок саюзных войскаў. Амерыканскія жаўнеры абяззброілі беларусаў і праз паўмесяца вырашылі перадаць іх савецкім часткам. Афіцэрам брыгады прапанавалі пераапрануцца ў форму шарагоўцаў…

Сады і вінаграднікі зеляніла вясна, сонца залівала лагчыны і ўзгоркі, люстравалася ў невялікай рэчцы, за якой беларусаў чакаў палон…

― Ваша форма, — амерыканскі сержант намерыўся перадаць Сокал-Кутылоўскаму пакамечаны кіцель шарагоўца. А беларускі падпалкоўнік неўразумела зіркнуў, памаўчаў (пэўна, падбіраў ангельскія словы) — і гучна мовіў:

― Я — беларускі афіцэр! І ім застануся да смерці!

Сержант наструніўся, казырнуў Сокал-Кутылоўскаму — і адышоў…

Напрыканцы сакавіка адбылося нечаканае: Астроўскі замяніў кіраўніка вайсковай управы БЦР генерал-маёра Езавітава на палкоўніка Шувалава, расейца, які перад вайной служыў у польскім войску ў Слонімскім гарнізоне, а затым патрапіў у нямецкі палон… Езавітаў чакаў ад Астроўскага абгавораў, але з'явілася вестка, што замена кіраўніка вайсковай управы выклікана ягонай хваробай…

Стаць любімым

Правабочная грыжа, якую да апошняга часу спрабаваў адужаць Езавітаў, пачала перамагаць. Цяжка было доўга стаяць, тым больш — хадзіць.

― Канстанцін Барысавіч, вам трэба аперыравацца. — З Езавітавым заставаўся Іван Багдановіч, ягоны ад'ютант.

― Трэба, — не спрачаўся і Езавітаў. — Са сваёй грыжай я далёка не ад'еду…

― А куды думаеце ехаць?

― Хачу далучыцца да беларускіх аддзелаў пад Вайдэнам.

― Гэта каля колішняй чэшскай мяжы?

― Там… — Езавітаў уважліва агледзеў ад'ютанта і дадаў: — У Фінстэрвальдзе, у гарадскім шпіталі, працуе лекар-беларус, мой сябар Мікола Шчорс… Падамся да яго, хай рэжа…

― А далёка гэты Фінстэрвальд?

― Кіламетраў з сотню…

У дзень ад'езду 8 красавіка да Езавітава развітацца прыйшоў Кушаль.

― Усё ж вырашыў да Шчорса?

― Так.

― А можа, усё ж едзь у Амбэрг? Там мая сям'я, там шмат вайсковых шпіталяў. Непадалёк некалькі беларускіх аддзелаў. Бальшавікі могуць прарваць усходні фронт і захапіць Фінстэрвальд… Ад іхняй лініі да горада дзевяноста кіламетраў, танкі могуць прыйсці праз пару дзён…

― А могуць і не прыйсці, ― не пагадзіўся Езавітаў. ― І, урэшце, чаму быць — таго не мінаваць… Колькі ўжо можна бегаць?!

Праз некалькі дзён БЦР эвакуявалася ў Цюрынгію.

15 красавіка быў аперыраваны Езавітаў, а 19-га распачаўся генеральны наступ савецкіх войскаў. Гарматны гул скаланаў шыбы фінстэрвальдскага шпіталю, але, як падавалася, аніяк не насцярожваў Езавітава.

19 красавіка да Езавітава прыехаў ад'ютант Багдановіч.

― Я не маю права пакінуць шпіталь, — хваляваўся Шчорс, — а вам трэба. У шэфа ў гаражы стаяць тры аўто. Адно, думаю, можна «пазычыць». ― І мовіў ужо да ад'ютанта. — І вывозь хутчэй генерала.

― Але ж я не ўмею кіраваць машынай, — здзівіўся Багдановіч.

― Наш санітар, паляк, вас адвязе…

Назаўтра на старым «DКВ» яны выехалі на захад — і згубіліся ў агульнай калоне машын. І Езавітаву, і Багдановічу зрабілі фіктыўныя дакумэнты на іншыя прозвішчы на бланках беларускага варшаўскага камітэта.