Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 286

Алесь Пашкевіч

Памятныя ўгодкі

Не зважаючы на ўсе перашкоды і цяжкасці, вайсковая ўправа БЦР пад ачолам Езавітава не перапыняла фармаванне беларускіх збройных аддзелаў. Быў заснаваны Першы кадравы батальён для падрыхтоўкі каманднага складу. Пры батальёне арганізаваліся курсы афіцэраў, падафіцэраў, прапагандыстаў і медсясцёр. Кіраваў курсамі падпалкоўнік Кушаль. Кадравы батальён узначаліў маёр Сокал-Кутылоўскі. Вайсковай управай БЦР на поўдні Нямеччыны каля горада Гіршау фармавалася штурмавая брыгада СС «Беларусь», куды ўжо было адкамандзіравана з паўтысячы беларускіх камандзіраў і шарагоўцаў, а таксама астаткі злучэнняў Беларускай краёвай абароны.

У лістападзе 1944 года Езавітаў прапанаваў адзначыць у батальёне ўгодкі Слуцкага паўстання.

― Выступіш, Антон Андрэевіч, раскажаш пра сваё слаўнае мінулае… — папрасіў Сокал-Кутылоўскага.

― Амаль чвэрць стагоддзя мінула… — задумаўся той. — Я й сам шмат чаго прызабыўся.

― Ну! — усміхнуўся Езавітаў. — Тым больш мусіш расказаць, каб самому хто-небудзь мог нагадаць. А наогул — пішы ўспаміны. Я табе пра гэта яшчэ ў Менксу на кангрэсе сказаць хацеў… Для мяне й сёння невядома, дзе васпан пасля 1920-га быў…

― Уга! — Сокал-Кутылоўскі пачухаў за вухам, зірнуў хітравата. — На гэта ж ніякіх успамінаў не хопіць.

― А калі сур'ёзна?

― Сур'ёзна? Быў, як і большасць ацалелых, інтэрнаваны палякамі ў лагеры ў Беластоку. Вясну 1921 года правёў у Гарадзеі на Нясвіжчыне. У чэрвені атрымаў сан святара, быў настаяцелем праваслаўных цэнтраў у Наваградскім і Слонімскім раёнах, настаўнічаў…

― То й запраўды — на раман цягне! — падшуткаваў Езавітаў.

― А я ж пра што! — але весялосць і не краналася вачэй Сокала-Кутылоўскага. — А ў 1939-м праз канфлікт са школьным начальствам вымушаны быў перакваліфікавацца ў будаўніка. У чэрвені 1941-га арыштавала НКВД, але праз некалькі тыдняў выпусціла. Школьны інспектар, начальнік Ганцавіцкай Беларускай самапомачы, стваральнік батальёнаў БКА, «намеснік» Астроўскага па Ганцавіцкім вокрузе — таксама я… Ну а далей — ужо й на тваёй памяці.

Гэта не без ягонага, Езавітава, спрыяння Сокал-Кутылоўскага, які быў рабочым на ваенным заводзе ў Чэхіі, у кастрычніку 1944-га выклікалі ў Берлін, у вайсковую ўправу БЦР…

Дзень за днём

Калі Беларуская цэнтральная рада распачала стварэнне Блоку народаў Усходняй Эўропы, Астроўскі даручыў Езавітаву правесці перамовы з латышамі, літоўцамі й эстонцамі і запрасіць тых увайсі ў Блок. Езавітаў сустрэўся з начальнікам управы інфармацыі «латвійскай дырэкцыі» ўнутраных спраў Пятром Брачом. Праз тыдзень той прыйшоў да Езавітава.