Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 285

Алесь Пашкевіч

― Канстанцін Барысавіч, вы мяне павінны памятаць…. Вучылі ў Дзвінску некалі… ― І папрасіў уладкаваць на працу.

Мір чужым коштам

Напрыканцы кастрычніка 1944 года да Езавітава ў нумар пансіёна «Beatrix» Станіслаў Грынкевіч нечакана прывёў новага наведвальніка.

― Знаёмся — барон Энгельгардт. Ён напісаў вялікую кнігу пра Беларусь — ажно на 600 старонак, выкарыстоўваў і твае брашуры. Захацеў пабачыцца…

Барон адмовіўся ад пачастунку і запрасіў прагуляцца па вуліцах горада.

Берлін яшчэ толькі збіраўся развітвацца з летам. Лісты з дрэў асыпаліся марудна, у парках з'явіліся першыя сеткі роснага павуціння. А на мансардах яшчэ ва ўсю моцу гарэлі чырвоныя гваздзікі й ружы…

― Скажыце, а чаму ваша брашура «Беларусы ў Латвіі» не закончана? — асобныя словы барона Езавітаву датлумачваў Грынкевіч.

― Я быў чарговы раз арыштаваны, працу перарвала турма.

― Мушу падзякаваць васпану за магчымасць з яго брашур пра беларусаў у Латвіі і Амерыцы даць шмат цікавых матэрыялаў у маю кнігу.

― Найперш за такую кнігу мусім дзякаваць барону мы, беларусы. — Езавітаў ужо ведаў, што кніга Энгельгардта прадаецца ў кнігарнях Нямеччыны.

― Аднак я пазначыў у зносках толькі назву вашай брашуры… Выбачайце, але на тым экземпляры, што я меў, не было тытула з прозвішчам аўтара. І пра яго я даведаўся зусім нядаўна…

Барон расказаў і пра тое, што рыхтуюцца пераклады ягонай кнігі на італьянскую, іспанскую і французскую мовы. Езавітаў яшчэ раз пахваліў гэтую працу, і барон ахвотна распавёў пра збор матэрыялаў, фотаздымкаў, якіх у яго з розных куткоў Беларусі сабралася каля дзвюх тысячаў. Калі ж ён пачаў доўга апісваць свой маёнтак у Ілукстэнскім раёне і паездкі ў Афрыку і Азію, Грынкевіч паспяшыў адкланяцца.

― А што вы думаеце пра зыход вайны, — падбіраючы словы, па-нямецку спытаў Езавітаў.

Барон зірнуў нерашуча:

― Хоць мы і нарабілі шмат дзікіх памылак, але маем усё, каб выйсці з вайны пераможцамі. Магчыма і агульнае перамір'е ці сепаратныя дамовы… — Яны ішлі прыціхлым паркам, а за імі — як паспеў заўважыць Езавітаў — бег брудны худы дог, які, пэўна, застаўся без гаспадароў. ― СССР можа атрымаць свае старыя граніцы, а таксама развязаць рукі ў Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Персіі, Афганістане. Канешне, будзем вымушаны тады згадзіцца з аднаўленнем Польшчы, але атрымаць усю Балтыку, толькі без Кранштата, усю Беларусь і Украіну з Крымам…

― А ці прызнаюць немцы незалежнасць Беларусі?

― Цяпер гэта… неактуальна. У плане ваенным беларусы маюць малы каэфіцыент. І калі выбіраць, каго прызнаць незалежнай найперш — Беларусь ці Польшчу, то, пэўна, перавагу мае апошняя. А калі яшчэ паабяцаць ёй Заходнюю Беларусь, мы займеем эфектыўнага саюзніка, чыгункі, дарогі і ўвесь тыл савецкай арміі будзе дэзарганізаваны… — Барон змоўк, заўважыўшы ў вачах Езавітава насцярожанасць, стаў, зірнуў на вершаліны паркавых ліпаў. — Вы, беларусы, яшчэ вельмі слабы народ, а сама Беларусь праз гэта не можа прэтэндаваць на сур'ёзную зацікаўленасць вялікіх дзяржаў ці на тое, што за яе хто-небудзь з мацнейшых будзе ваяваць… Як гэта не балюча вам чуць… — І ён пакратаў Езавітава за рукаў, уздыхнуў, як падалося, прачула: — Хутчэй за ўсё, за ваш кошт суседкі будуць купляць — як і дагэтуль — сабе мір…