Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 284

Алесь Пашкевіч

― Так-так, — пагадзіўся Скарападскі.

Астроўскі і Скарападскі абмяняліся сваімі хатнімі тэлефонамі і дамовіліся аб наступных сустрэчах.

Як і абяцаў, Астроўскі пачаў перамовы з іншымі ўкраінскімі арганізацыямі пра стварэнне адзінага Украінскага нацыянальнага камітэта. Выявілася, што яны не падтрымлівалі Скарападскага. А праз некаторы час вызвалілі Бандэру, і калі паўстала пытанне аб старшыні Украінскага нацыянальнага камітэта, Скарападскі зняў сваю кандыдатуру на карысць Бандэры.

Астроўскі пачаў сустракацца з Бандэрам. Дамовіліся пра сумесныя баявыя дзеянні на Палессі. Маёр Родзька, камандзір асобага беларускага батальёна «Дальвіц», наладзіў сувязі з атаманам украінскіх паўстанцаў Тарасам Бульбай, маёра Вітушку з некалькімі дзесяткамі беларусаў самалётам пераправілі на беларуска-ўкраінскае сумежжа. БЦР і УНК вялі перамовы пра стварэнне беларуска-ўкраінскага саюза і — шырэй — Блока народаў Усходняй Эўропы, куды разам з украінцамі і беларусамі меліся ўвайсці крымскія татары, данскія казакі, грузіны, армяне, азербайджанцы, кіргізы, казахі і народы паўднёвага Урала. Усе яны выступілі з пратэстамі супраць спробаў генерала Власава (якога падтрымаў галоўны штаб нямецкай арміі) «забраць» гэтыя народы пад сваю апеку. Хоць некаторыя і пачалі супрацоўнічаць з Власавым. З беларусаў гэта былі Кіпель, Будзіловіч, Селях, Гуцько і паэт Дудзіцкі…

З-за лініі фронта

Раніцай 2 верасня ў раёне латгальскага Лубанскага возера перайшоў лінію фронта Іван Багдановіч, былы вучань Езавітава. За ўзбалоткамі і пералескамі з нямецкай траншэі апаліла:

― Хальт!

На добрай нямецкай Багдановіч расказаў, што бяжыць ад бальшавікоў. Пад канвоем яго адвялі за некалькі кіламетраў ад траншэі ў напаўразбураны дом. Афіцэр запатрабаваў дакумэнты.

― Яго злавілі ці сам перабег? — спытаў у канваіра.

― Сам…

Затым была яшчэ адна праверка — ужо ў іншым месцы. Праверылі нават па карце, дзе пераходзіў фронт, выпісалі суправаджальнае пасведчанне і накіравалі ў Рыгу на мабілізацыйную камісію.

Багдановіч у Рызе папрасіў адпачынак на дзесяць сутак і паспрабаваў расшукаць у горадзе Езавітава. Гаспадыня кватэры распавяла, што той ужо выехаў у Нямеччыну.

На другі дзень Багдановіч хацеў купіць білет на берлінскі цягнік, але ў Нямеччыну мелі права ехаць толькі тыя, хто не падпадаў пад мабілізацыю.

Калі скончыўся адпачынак, на камісіі Багдановіч паскардзіўся на здароўе — і зноў атрымаў адтэрміноўку. А тут выйшла распараджэнне аб тым, што ў Нямеччыну мог выехаць кожны ахвотнік…

16 верасня Багдановіч выправіў праяздную картку, каб ехаць параходам, ды патрапіў у аблаву; некалькі дзён яго трымалі ў двары гарадскога замка, а затым усіх — каля дзвюх тысячаў мужчын — пераправілі ў Кёнінгсберг. Там на Бункерскай фабрыцы Багдановіч адпрацаваў два месяцы. Выпісаў сабе газэту «Раніца» і паслаў на яе берлінскі адрас ліст з просьбай дапамагчы яму сустрэцца з Езавітавым. Атрымаў адказ: «Генерал-маёр Езавітаў знаходзіцца ў Берліне пры Беларускай цэнтральнай радзе і ўзначальвае вайсковую ўправу».

Напрыканцы лістапада Іван Багдановіч збег з фабрыкі і, прад'явіўшы старую картку рыжскай мабілізацыйнай камісіі, на прапускным пункце сказаў пра тое, што мусіць дабрацца да Берліна і паступіць у «Беларускі легіён». У Берліне ён расшукаў памяшканне БЦР (яно месцілася ў доме № 26 на Гумбінен-пляц) і нарэшце сустрэўся з Езавітавым.