Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 60
Міхась Лынькоў
Параход, патушыўшы агні, паплыў далей па Дняпру. Міколка з партызанамі пайшлі ў горад, на станцыю. Калі прыйшлі і пакуль усё разведалі ад рабочых, аказалася, што спазніліся. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. У канцы яго быў прычэплен арыштанцкі вагон. Навокал стаяў моцны канвой. На станцыі было багата немцаў. Напалоханыя падзеямі з параходам, яны прымалі выключныя меры аховы.
І тут надумаліся нашы партызаны на выключны ўчынак, каб не дапусціць сваіх таварышаў на лютую расправу немцам. Міколка падышоў да паравоза і, угледзеўшы на ім знаёмых людзей, паспеў абмяняцца з імі парай-другой слоў. Партызаны зайшлі за стрэлкі. Да іх пабег і Міколка.
І вось рушыў цягнік. Быў ён змешаны, так званы тавара-пасажырскі. Спераду былі пасажырскія вагоны, у канцы таварныя. Арыштанцкі вагон быў ззаду таварных. Калі на станцыі было светла ад ліхтароў, дык тут, за стрэлкай, пачыналася такая цемра, што хоць вока выкалі. Цягнік ціха ішоў цераз стрэлку. Міколка, як самы вопытны ў чыгуначных справах, кіраваў пасадкай атрада на цягнік. Яны садзіліся неўзаметку на падножкі таварных вагонаў. Цягнік прыбаўляў ходу. Партызаны размясціліся на дзвюх тармазных пляцоўках. Ніякі нямецкі часавы не дабярэцца сюды. Не лазіць жа немцам па дахах вагонаў! Затое партызаны могуць лазіць. Хоць страшна, але ж трэба. І адзін за адным па бакавіне вагона яны ўзбіраюцца на дах, асцярожна пераступаюць з вагона на вагон, ціха пасоўваюцца ўсё бліжэй і бліжэй да арыштанцкага вагона.
Вось і зусім ужо блізка. Да арыштанцкага вагона застаўся адзін толькі таварны вагон. Далей ісці нельга. На пляцоўках вагона-турмы стаяць часавыя, не лезці ж на іх. Таго і глядзі патрапіш на кулю ці звалішся пад калёсы.
Партызаны асцярожна злазяць на тармазную пляцоўку таварнага вагона. Цягнік прыбаўляе ходу. Ён ідзе з гары. Моцна націскаюць адзін на адзін вагоны, абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. У самы раз іх цяпер раскруціць, расшчапіць! Бо як пойдзе цягнік на гару, на пад’ём, тады не расшчэпіш нацягненыя крукі. І прыступае Міколка да работы. Перагнуўшыся цераз борт пляцоўкі, партызаны трымаюць Міколку за ногі, за куцы пінжачок. Міколка, павісшы над крукамі, раскручвае сашчэпку. Вось можна ўжо і расшчапіць. Але не з Міколкавымі сіламі, ды яшчэ ў такім нязручным становішчы, падняць цяжкі крук. Але дзе не хапае сілы, там выручае спрыт, выручае здагадка. І, моцна ўчапіўшыся абедзвюма рукамі ў крук, камандуе Міколка:
— Цягніце мяне цяпер угору!
Падцягваюць Міколку ўгору, разам з ім падымаецца крук. Яшчэ секунда — і кідае яго Міколка. Бразнуўшыся, абвісае крук і важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Міколка з камандай гатовы закрычаць «ура», гатовы пусціцца ў несусветныя скокі ад вялікай радасці. Але не раскрычышся тут, не разгонішся на скокі на цеснай пляцоўцы. А пярэдні вагон усё больш і больш адыходзіць уперад. Адчэплены арыштанцкі вагон разам з таварным паволі зацішаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкі, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабіць немцы.