Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 61
Міхась Лынькоў
Ціха скрыгануўшы коламі, сталі вагоны. Толькі і распазнаеш іх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкім вагоне ціха. Не чуваць адтуль ні гукаў, ні шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не відаць ніводнага водбліску свечкі.
— Што за чамярыца? А дзе ж людзі, канвой? — думалі і здзіўляліся партызаны. Акружылі вагон. Яшчэ раз прыслухаліся — ціха ў вагоне. Пастукалі — ніхто не адказвае. Тады пачалі моцна біць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся ніводным гукам на стук.
— Буфер сюды! — закамандаваў Міколка.
Знялі з вагона буфер і, падняўшы яго, пачалі ім біць з усіх сіл у замкнутыя дзверы. Хвіліна-другая — і цяжкія, акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Разбілі і другія дзверы і толькі тады ўскочылі ў вагон. І тое, што ўбачылі яны, было зусім нечаканым і незразумелым. На лаўках ляжалі пазвязваныя нямецкія салдаты. Тут жа ляжалі і звязаныя два нямецкія афіцэры з канвою.
Канвой хоць і звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькі арыштаваных. Як ні старанна аглядалі кожны куток вагона, ніводнага з арыштаваных не знайшлі. І куды падзеліся яны, ніхто не мог дакладна давесці. Былі цэлыя дзверы і вокны, былі цэлыя, акутыя дзе-нідзе жалезам, сцены. І толькі пасля даведаліся партызаны, што арыштаваным удалося шчасліва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзірку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі яго і, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалі яго. А дзірка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымі, калі вагон яшчэ стаяў у дэпо.
Хоць Міколка вельмі хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знікненне не надало яму суму. Міколка быў надзвычай радасны і задаволены.
— Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк…
А тым часам ужо развіднела. Падышла група рабочых з бліжэйшай пуцявой казармы. З іх дапамогай абярнулі вагоны і скінулі іх пад адкос.
— Далоў нямецкую турму! — жартавалі рабочыя, падкладаючы шпалы і тэлеграфныя слупы пад арыштанцкі вагон, каб ямчэй спіхнуць яго ўніз.
Нямецкіх салдат пусцілі на волю.
А самі падаліся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго «браняносца».
* * *
Гісторыя з пакражай палкоўніка і смелым уцёкам бальшавікоў нарабіла вялікага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлі ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпаліся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы і жорсткі характар. Але рабочыя не здаваліся. Чым большыя былі кары, тым марудней ішлі цягнікі, тым больш было рознае шкоды для немцаў.
Шалелі нямецкія генералы. Прымалі і абвяшчалі самыя суровыя загады, рабілі захады, каб злавіць людзей, якія супраціўляліся ім, перашкаджалі беспакарана грабіць гарады і вёскі, распаўсюджвалі пракламацыі сярод нямецкіх салдат. І хутка Сёмка-матрос і дзед Астап даведаліся, што іх галовы ацэнены ў сотні тысяч германскіх марак. Нават Міколкава галава была ў генеральскім цэнніку. Гэтыя цэны былі вызначаны ў спецыяльным генеральскім загадзе, расклееным па гарадах і па вёсках.