Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 62
Міхась Лынькоў
Прачытаў гэты загад дзед Астап і, злажыўшы тры пальцы ў вядомую камбінацыю, урачыста сказаў:
— Вось усё тое, што атрымаюць ад нас і за нас!
Зірнуў на яго Сёмка-матрос, падміргнуў дзеду і загадаў спецыяльную пячатку выразаць. Дні са два стараўся Міколка, выразаў пячатку з ліпавай плашкі. Пячатка выйшла важнецкая, памерам у далонь, з ясным малюнкам, з вялікімі літарамі. На самай сярэдзіне ў кругу быў майстэрскі выразаны звычайны кукіш. А навокал яго віліся буйныя літары слоў: «Нямецкім генералам — з любоўю ад партызан». Гэта пячатка хутка з’явілася на ўсіх генеральскіх загадах. Гэтую пячатку лажылі на спецыяльныя распіскі, якія выдавалі партызаны нямецкім салдатам, калі адбіралі ў іх якое дабро ці зброю. Захопяць у палон атрад, адбяруць карабіны, коней, награбленае дабро, Міколку загадваюць:
— Ану, пішы ім дакумент, распіску!
Пісаў Міколка:
«Мы, партызаны, даём распіску ў тым, што сорак карабінаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намі ад нямецкай часці ў поўным парадку і спраўнасці, што і сведчым сваімі подпісамі і пячаткай. Выдана гэта для нямецкіх генералаў».
А напісаўшы, даставаў Міколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе і, пакапціўшы пячатку, важна прыкладаў ліпавы кукіш да «квітанцыі». З усіх канцоў да генералаў сыпаліся гэтыя кукішы.
Шалелі генералы і кідалі сілы, каб расправіцца з партызанамі. Падцягнуліся і нашы лясныя ваякі. З параходам цяжка было ўпраўляцца, не зацягнеш жа яго ў лес. А па Дняпру хадзілі ўзброеныя нямецкія судны, якія не сягоння, дык заўтра маглі засцігнуць параход у затоцы і захапіць яго. І як ні шкадавалі хлопцы свайго «браняносца», яны вымушаны былі расстацца з ім. У светлую месячную ноч, зняўшы з парахода ўсе кулямёты і гарматы, вывелі яго партызаны на сярэдзіну ракі і затапілі на самым глыбокім месцы, каб перашкодзіць нямецкаму параходнаму руху. А раніцой з вялікім задавальненнем назіралі, як на гэтым месцы затапіўся нямецкі параход, наскочыўшы дном на партызанскага «браняносца».
Лагер свой партызаны прымушаны былі пераводзіць у другія месцы, каб збіваць з панталыку немцаў.
Шчаслівыя хаўтуры
Атрад Сёмкі-матроса набліжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкі з немцамі. А такія сутычкі маглі быць. Атрад разбілі на тры часткі, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкія войскі. У перадавым атрадзе былі Сёмка-матрос, Міколка, дзед Астап і сотня коннікаў партызан. З атрадам быў адзін кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другіх атрадах. У кожнага партызана былі карабінка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелі яшчэ шаблі.
Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабілі па вёсках суд і расправу над тымі, хто крыўдзіў сялян, хто прыгнятаў бедных. І доўга разбіралі Сёмка-матрос, дзед Астап і Міколка розныя сялянскія скаргі і крыўды. Скардзіліся на мясцовага памешчыка, які такую волю пры немцах займеў, што адбірае ў сялян зямлю, не пускае іх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усімі тымі, хто быў раней у батрацкіх камітэтах і ў сельсаветах.