Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 72

Міхась Лынькоў

— Ну, Міколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгія гады… Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другі мы загоім яе! Кроў у яго рабочая, здаровая…

І што тут пачалося толькі! У Міколкі ўраз вочы сталі сухімі. Усміхнуўся доктару.

— Глядзі ж, не падмані!

А тут падхапілі Міколку на рукі — і ну качаць. Вышэй паравоза падкінулі яго, аж дым паравозны перасігнуў ён і ўпаў вясёлы і радасны на рукі рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка.

А назаўтра Міколка разам з другімі рабочымі і партызанамі дыктаваў у нямецкім штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзіў маўклівы і пануры. Куды і гонар мінулы падзеўся. Пабілі яго рабочыя, а яшчэ болей пабіла рэвалюцыя ў Германіі. Весткі аб гэтай рэвалюцыі дайшлі нарэшце да нямецкіх салдат.

Генерал хадзіў па кабінеце і нехаця пазіраў у вокны. Ён бачыў, як гулялі па вуліцах яго салдаты. Салдаты старой імператарскай арміі. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялі сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталіся з гэтым народам. Яны называлі гэты народ сваімі лепшымі прыяцелямі ў свеце.

Для гэтых салдат не існуе больш ён, суровы і грозны генерал. Цяпер ён нішто. Дый ці можа ён быць цяпер чым-небудзь, калі даводзіцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афіцэраў, каб ехаць у Германію. Рабочыя і партызаны жартуюць:

— Вы б, ваша правасхадзіцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём…

Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любіць лішніх жартаў.

— Даць ім вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца…

А дзесяткі цягнікоў, сотні і тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыі, загрузіўшы ўсе пуці і тупікі. Не бачыць іх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.

Не выйшлі генеральскія планы!

І як праў быў Міколкаў бацька, калі казаў яму на паравозе:

— Мы не можам не перамагчы!

Перамаглі!

Не можа іначай рабіць Міколкава слаўнае племя.

1936