Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 59
Міхась Лынькоў
А дзед Астап не меў багата часу на жарты і, прыставіўшы свой пісталет да палкоўніцкага лба, ціха, але настойліва гаварыў:
— Так што просім, ваша благароддзе, да нас на параходзік! Вельмі прашу!
Дзе ты адмовішся на гэтыя просьбы! Бачылі тут людзі, як павялі нямецкія салдаты палкоўніка на параход. Таксама без лішняй мітусні і вэрхалу ўзялі групу афіцэраў. Прытрымалі і іхніх паненак, каб не рабілі лішняга вэрхалу ў горадзе. Узялі артылерыстаў. Хутка прыкацілі і пагрузілі на параход іхнюю батарэю, і дзед Астап з Міколкавай дапамогай спешна ставіў гарматы, наводзячы іх на нямецкі штаб. Захапілі і салдат, і афіцэраў, якія купаліся ў Дняпры. Гэтай аперацыяй займаўся непасрэдна сам Міколка, бо людзей было нястача, усе пабеглі да турмы вызваляць зняволеных. Немцаў, што купаліся, Міколка забраў у палон бадай што без усякага прымусу. Сабраў на беразе ўсю іхнюю адзежу і панёс урачыста на параход. Зірнулі купальшчыкі, узлаваліся не на жарты. Думалі, што злодзей, няйначай, адзежу прыбраў. Адзін за адным павылазілі з Дняпра, кінуліся Міколку наганяць. А той ужо на параходзе. Пабеглі купальшчыкі на параход. Ступіць каторы на палубу, а тут ужо Міколка ды другія партызаны ветліва іх з карабінамі сустракаюць:
— Заходзьце, заходзьце ды будзьце як дома! — і на пустую каюту паказваюць.
Поўную каюту панагналі гасцей.
Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў. І толькі ля турмы ўзнялася страляніна. Гэта выстраліў часавы і падняў трывогу. Пачалі збягацца ўзброеныя немцы, паказаўся даволі буйны кавалерыйскі атрад. Але яны спазніліся, апошні зняволены ўжо ступаў на параход.
Нямецкія кавалерысты кінуліся былі на параход, але, сустрэтыя моцным кулямётным агнём, павінны былі ў беспарадку адступіць. Завязалася ўпартая страляніна, але тут дзед Астап адразу як ударыў з Міколкам з усіх пяці арудзій, аж шыбы паляцелі з акон бліжэйшых дамоў ды клубы дыму ўзвіліся навокал нямецкага штаба.
Але трэба было адступаць. У горадзе было багата нямецкіх часцей. Яны маглі і захапіць партызан. Партызан ратавалі іх смеласць, выключная нечаканасць іх з’яўлення. Ды і наогул налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба.
Так правучылі партызаны немцаў. А яшчэ вызвалілі сваіх людзей з турмы, папоўнілі зброю, набылі гарматы і сярод белага дня ўкралі самога нямецкага палкоўніка.
Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Сярод вызваленых з турмы арыштаваных не было Міколкавага бацькі і яшчэ трох бальшавікоў. Як гаварылі вызваленыя, іх толькі-толькі перавезлі з турмы на станцыю, каб у арыштанцкім вагоне адаслаць на суд у губернскі горад. Даручыўшы дзеду Астапу камандаванне над атрадам і над параходам, Сёмка-матрос, Міколка і яшчэ чалавек з сем партызан высадзіліся на бераг непадалёку ад горада і цёмнаю ноччу накіраваліся на станцыю. Яны думалі звязацца з чыгуначнымі рабочымі і прыняць усе меры к таму, каб вызваліць сваіх людзей.