Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 58

Міхась Лынькоў

Параход паспяшаў. Трэба было як мага хутчэй з’явіцца ў горад. Адтуль прыйшлі весткі, што ў лапы немцаў трапілі Міколкаў бацька і яшчэ некаторыя актыўныя бальшавікі. Нейкі здраднік выдаў іх немцам. Казалі, што быў нейкі эсэр, які працаваў тэхнікам у дэпо. Бальшавікоў чакала суровая расправа ў турме. Трэба было як мага хутчэй выбавіць іх з бяды. Таму і паспяшаў параход.

* * *

Нямецкі палкоўнік быў у гэты дзень задаволены. Ён толькі што прыйшоў з турмы, дзе быў на допыце бальшавікоў. І хоць іхнія паказанні не маглі даць яму нічога талковага, але ж ён быў задаволены: як-ніяк да яго папалі гэтыя няўлоўныя людзі, якія расстройвалі нямецкія тылы, разлагалі нямецкую армію, псавалі чыгуначны транспарт. Цяпер-то можна са спакойным сэрцам адрапартаваць камандзіру дывізіі, а то і самому камандуючаму арміяй, што зможа ён, палкоўнік, куды болей даць хлеба, мяса, сала, масла для адсылкі ў Германію.

Яшчэ бліжэй здавалася яму канчатковая перамога над бальшавіцкай Расеяй. Гэткая неабсяжная тэрыторыя, выдатная калонія для імператарскай Германіі! Аднае сыравіны хоць заваліся. Вось калі пойдуць поўным ходам заводы і фабрыкі яго бацькі, вядомага банкіра Германіі Шлёпкінбаха. А з гэтымі людзьмі цырымоніцца не трэба. Давядзецца расстраляць гэтых бунтароў, выступаючых супроць Германіі, супроць вялікага кайзера. Добра, што адаслаў ён найбольш падазроных у арыштанцкі вагон. Там больш надзейная варта. А яму, палкоўніку Шлёпкінбаху, няйначай цяпер як узнагарод чакаць, могуць і лішні крыж начапіць на грудзі за цвёрдую руку, за ўмелыя загады.

І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. І каб крыху адпачыць у такі слаўны сонечны дзень ад загадаў, ад допытаў, ад рапартаў, палкоўнік прысеў на лаўку на прыстані, закурыў. Насвістваючы нейкую песеньку, пазіраў на шырокі Днепр, на далёкія берагі, на беласнежныя воблакі, якія ціха плылі над вадой, на стаі белых галубоў, кружыўшых над будынкамі і складамі прыстані. Папыхкваючы дымком, да прыстані набліжаўся параход. Ля берага купаліся нямецкія салдаты. Групы афіцэраў гулялі з паненкамі ў гарадскім садзе, які цягнуўся ўздоўж дняпроўскага берага. Недалёчка маршыравалі артылерысты. Чарнелі стаяўшыя батарэі.

Палкоўнік бачыў, як прыстаў параход, як пачалі сыходзіць з яго нямецкія салдаты.

«Няйначай як папаўненне! А добра, у самы раз! Гэтых расейцаў трэба скруціць цяпер у барані рог… патрэбны лішнія сілы, і скруцім, бо…» — падумаў палкоўнік і ад вялікага задавальнення ўслых закончыў сваю думку словамі: «З намі Бог!» Гэта былі тыя словы, што носіць кожны салдат на сваім поясе, на блішчастай спражцы з кайзераўскай каронай.

І толькі гэта палкоўнік сказаў: «З намі Бог!», як пачуў ну проста над вухам: «А мы за вамі, ваша благароддзе!» Зірнуў палкоўнік і ніяк зразумець не мог, што гэта робіцца з ім. Стаіць чалавек перад ім, і форма як форма, крыжы і медалі на месцы, і толькі барада ўжо зусім не па форме. І крывая, і нясе ад яе цыбуляй і, няйначай, капустай. Кажучы па сакрэту, дзед Астап сапраўды толькі-толькі папалуднаваў, даў рады і капусце, і нейкай яшчэ там страве з цыбуляй. Так што капуста тут зусім была, як бачым, да месца. Але хіба зразумець іх нямецкаму палкоўніку. Таму і глядзеў ён на дзеда Астапа, як баран на новыя вароты.