Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 57

Міхась Лынькоў

Усе зарагаталі. Гэта яшчэ больш узлавала дзеда. А тут яшчэ нехта параіў:

— Узяў бы ты, дзеду, галавешку, абсмаліў бы бараду крыху, глядзі, маладзей бы за нас стаў!

Тут дзед зусім выйшаў з цярпення і моцна аблаяў дарадчыка:

— Хоць гадамі ты малады, а па розуму ўсё ж вя-я-лікі дурань! Барада справе не перашкода… Калі салдаты ходзяць без барады, дык затое носяць яе генералы… Жадаю быць генералам!

— Раз генералам, дык генералам…

Хто будзе пярэчыць дзеду. Так зрабіўся дзед Астап на якія два дні нямецкім генералам. Важна і строга хадзіў па параходу, разгладжваючы сівую бараду і папраўляючы спаўзаўшую на лоб нямецкую каску. Каб сапраўды дзед паходзіў на генерала, яму нават два ордэны нямецкія начапілі на грудзі. Зірнуў на яго Міколка, усміхнуўся. Успомніў дзедавы турэцкія медалі і хацеў нават падражніць яго: «Медалі веку ўрвалі…»

Але ўзгадаўшы, што ўсё гэта робіцца для справы, Міколка палічыў за лепшае не чапаць дзеда, не рабіць яму непрыемнасцей. Тым больш што дзед Астап, зрабіўшыся генералам, праводзіў час зусім не па-генеральску. Дзед ведаў машыны. Таму разам з Сёмкам-матросам яны завіхаліся ля машын, лазілі ў качагарку, рабілі агляд механізмаў свайго «браняносца».

А праз які дзень, пакінуўшы частку людзей у лесе, партызанскі атрад рушыў да горада на параходзе. Ніхто не мог разгадаць, што пад выглядам нямецкай каманды хаваюцца самыя заўзятыя партызаны. Параход ішоў пад нямецкім сцягам, на якім важна чарнеў кіпцюрысты вільгельмаўскі арол. Ва ўсіх былі нямецкія карабіны, стаялі нямецкія кулямёты, нямецкая гармата. Ля гарматы важна прахаджваўся дзед-генерал. На капітанскім мосціку быў за капітана малады афіцэр, у якім чытачам няцяжка распазнаць Сёмку-матроса. А ў памочніках яго быў зусім невялічкі хлопчык у шчыгульным нямецкім мундзірыку, які спецыяльна падагналі пад Міколкаў рост партызанскія краўцы. Калі капітан спускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. І раз-поразу быў чуваць яго звонкі голас:

— Круці налева! Гэй, направа!

Скажа Міколка слова, і цяжкі параход плаўна паварочвае нос і ідзе туды, куды яму загадана. Ды як яшчэ ідзе! Аж хвалі ўздымаюцца за кармой і расходзяцца доўгімі каснікамі, з шумам пляскаючы аб берагі, аб пясок, прыбярэжныя кусты і асокі. Аж гудзіць параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. А на параходзе песні. Каманда нямецкая, а песні звычайныя, нашы. Усё больш на «Дубінушку» налягалі. Праўда, калі праходзілі ля мястэчка, ля вёсак, тады песні сціхалі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт.