Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 56

Міхась Лынькоў

— Ану, мадамы ды старыя сіяцельствы, айда налева.

А маладзейшых адбіраў у меншую кучку. Тут былі заўзятыя ворагі бальшавікоў. Людзі, якія вербавалі сілы для гетмана. Людзі, якія ездзілі ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якія прадавалі Расею сусветнай буржуазіі. Міколка ведаў, што чакае гэтых людзей, і ніколькі не шкадаваў іх, калі партызаны павялі іх у лес, у лагчынку.

Яго больш зацікавіла гісторыя з генералам. Той ад страху страціў усякую прытомнасць, і як сеў на лаўку, так і прыліп да яе.

Зірнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала і каленкі затрэсліся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:

— Ну і абломак імперыі, да чаго ж палахлівы!

Паглядзеў на генерала і Міколка. Успомніў пра «бачушку-чара» і пра «шупаштатаў». Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой і, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна і адышоўся ўбок.

— Што ж з генералам рабіць будзем? — запыталі партызаны Сёмку.

— А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай ідзе.

І тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялікай прамовай да незвычайных сваіх палонных:

— Вы, каторыя мадамы, старыя сіяцельствы і ўсякія іншыя абломкі імперыі! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў — народ мы недалікатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку…

І нават Міколку падміргнуў: «Бачыш, як я па-французску з імі наярваю!»

А «мадамы», «сіяцельствы» і ўсе «іншыя абломкі» не палічылі патрэбным доўга ўпрошваць сябе і адразу ж далі заўзятага драпака, толькі лыткі мільгалі. Адкуль і спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж «мадамы» з сабачкамі ззаду засталіся. Бег і шаптаў:

— Пожа, Пожа, выратуй маю душу!

І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі».

А «шупаштаты» аглядалі параход, прыводзілі яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, і гэтая назва так і засталася за ім. А паколькі Міколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлі яшчэ Міколкавым браняносцам.

Так партызаны набылі сабе «браняносец».

Каравул! Палкоўніка ўкралі!

Дні са два вакольныя памешчыкі адчувалі сябе спакойна. У гэтыя дні іх не турбавалі партызаны, занятыя выключнымі клопатамі. Яны рамантавалі параход. І не толькі рамантавалі, а рабілі яго сапраўдным баявым параходам. Завёўшы яго ў вузкую затоку ў лесе, адкуль параход нельга было ўгледзець з Дняпра, партызаны фарбавалі судна, грузілі яго дрывамі, ставілі кулямёты. Уздоўж бартоў клалі мяшкі з пяском. Гэтыя мяшкі — добрая абарона ад куль. Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы, вывучаючы яе механізмы.

Але самая галоўная справа была з абмундзіраваннем. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Іначай нельга было рабіць. І хоць дзеду Астапу і не дужа падабаліся гэтыя спектаклі, як назваў ён пераапрананне, але нічога не зробіш. Справа — яна заўсёды ёсць справа. І вось шукалі дзеду нямецкі мундзір па яго росту і густу. Апрануўся дзед як след, зірнуў у люстэрка і плюнуў. Быў вельмі незадаволены. Дзедавы валасы лезлі з-пад каскі, зусім недарэчы была барада. Ну, які ж салдат нямецкі ды з такой барадой, не раўнуючы, як у Льва Талстога. Спрабаваў яе дзед і за каўнер мундзіра запхнуць, каб схаваць гэтую бараду, але як зірнуў ізноў у люстэрка, яшчэ раз плюнуў.