Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 42

Міхась Лынькоў

Ён гаварыў і гаварыў, і словы яго перайшлі ўжо ў шалёны крык. Ён захліпаўся словамі, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.

— За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю і потам… Я згнаю ў турмах… Я расстраляю.

Яго спыніў чамусьці палкоўнік, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:

— Палкоўнік ставіць перад вамі ўмову: калі хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забіў нямецкага афіцэра і вызваліў Сёмку-бальшавіка?

Народ глуха маўчаў. Толькі відны былі сцятыя ў бяссіллі кулакі, суровыя твары былі ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамі, грозна падступаў да некаторых.

— Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызваліў?

Але маўчаў народ. Толькі ўсхліпвалі жанчыны, выціраючы слёзы ражкамі хусцінак, ды плакалі дзеці.

Адышоўся памешчык, пачаў нешта раіцца з палкоўнікам. Той махнуў рукой аднаму з афіцэраў. Двух хлапцоў, якіх узялі з лесу са зброяй, падвялі да абгарэлай грушы, паставілі пад ёй. Да іх падышоў поп, нешта гаварыў ім, паказваючы на крыж. Але бачыў Міколка, як плюнулі хлопцы на крыж папу, на яго грудзі. Як пабіты сабака, адышоў поп убок. Загаласілі жанчыны, хапіўшыся за галовы. Глуха шапталі старыя:

— Калі ж кончацца гэтыя здзекі? Ці доўга цярпець яшчэ будзем?

Грымнулі стрэлы… Міколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькі, як узняліся над папялішчам стаі чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лісце і ціха-ціха кружылася, ападаючы ўніз. Яму насустрач віліся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.

Доўга яшчэ здзекаваліся над людзьмі, усё выпытвалі пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб і жывёлу, хто быў у батрацкім камітэце.

Але колькі ні настаўлялі на людзей кулямётаў, колькі ні спрабавалі страляць паверх галоў у народ, нічога не дапамагала. Людзі маўчалі. Тады памешчык з афіцэрамі падышлі бліжэй да людзей. Некаторых бралі і адводзілі ўбок. Вось і да дзеда з Міколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:

— Ты хто, нешта цябе я не памятаю?

— Я таксама з табой незнаёмы… не даводзілася сустракацца… — працадзіў дзед скрозь зубы.

— А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць… Жарты ў мяне кароткія… Хто і адкуль? — усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.

— Чалавек я… Вось хто я.

Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.

— Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў… Відаць, з рабочага кодла, пракляты… — засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: — Гавары, хто гэта такі?

— Гэта мой дзед… — адказаў напалоханы Міколка.

— Які дзед?

— А дзед… вось проста дзед, і ўсё тут.

— А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?

Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:

— А я дзедаў унук.

— А фамілія твая?

Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю…» Як уджалены, падскочыў пан.