Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 41
Міхась Лынькоў
— Наша вёска… — ціха прамовіў адзін селянін да дзеда. — Вось яны ж і спалілі… — паказаў ён на сваіх канваіраў.
Над усімі навісла грозная цішыня. Толькі чуваць былі кароткія загады афіцэраў ды канваіраў. Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Гэтыя зусім былі не падобны на тых, якія займалі калісьці Міколкаву станцыю. Там былі палкі запасных салдат, многія былі з бародамі, пажылыя людзі. Неяк нават лягчэй было гаварыць з імі, не так па-зверску абыходзіліся яны з народам. У гэтых жа і форма трохі інакшая: чорныя венгеркі, большасць салдат на конях, у многіх чорныя шапкі і на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымі касцямі.
— Відаць, гусары смерці з карных вільгельмаўскіх батальёнаў… Быць цяпер у бядзе нам… — ціха прагаварыў дзед Астап да Міколкі.
Канваіры спынілі народ недалёка ад спаленай вёскі. Паставілі пару кулямётаў, нацэліўшы іх на сялян. Асобна ад усіх пад узмоцненым канвоем трымалі двух маладых сялянскіх хлапцоў, якіх захапілі немцы са зброяй у лесе. Канваіры і афіцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалі. І раптам заварушыліся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. І хутка ўсе ўбачылі, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Усё гэта былі тыя ж гусары смерці. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі, у паляўнічым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелі гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсці з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.
— Палкоўнік нямецкі… — шапнуў нехта збоку і замоўк пад суровым позіркам канваіра.
Памешчык з палкоўнікам падышлі да сялян. Спешыліся коннікі, пад’ехала яшчэ адна каламажка, і з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснік, з-пад якога відаць былі наваксаваныя папоўскія боты.
— А гэты сіваграк чаго тут? — гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з ім селяніна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставіўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, і нібы ўсміхаўся сялянам самай мірнай, лагоднай усмешкай:
— Ну вось, мужычкі, ізноў мы з вамі сустрэліся… А вы думалі, што мы рассталіся навекі… Ну што ж, мала з вас ласкі імператара Вільгельма? — І ён паказаў рукой на абгарэлыя коміны сялянскіх хат, на сумныя папялішчы. — Вы думалі, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маім маёнткам? Што вам даруецца бальшавіцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мілыя, гэта вам не свабода… Гэта вам не бальшавікі… Гэта войска вялікага імператара Германіі, якое стаіць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.