Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 40

Міхась Лынькоў

А перад самай раніцай узняліся ў лесе таропкія стрэлы. Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі:

— Ратуйцеся, немцы ў лесе!..

Але хавацца было ўжо недзе. З усіх бакоў акружылі немцы паляну, дзе размясціліся ўцекачы-сяляне. І калі намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасці хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокі нямецкі штык і чуўся грозны вокліч:

— Стой! Назад!

Сяляне кідаліся назад, але ўсюды іх сустракала адна і тая ж грозная каманда, шэрыя каскі салдат і ашчаціненыя штыкі. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай.

— Патроны, дзеду, хавай, патроны! — ціха крыкнуў Міколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкі салдат і штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногі. Міколка кінуўся да салдата, лёг грудзьмі на вінтоўку, каб адвесці штык ад дзеда, але тут жа пакаціўся па зямлі. Яго ўдарыў прыкладам вінтоўкі другі нямецкі салдат. Міколка ледзь падняўся на ногі, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Міколкі кружылася галава, нейкая пеляна засцілала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, які так неміласэрна ўдарыў яго. І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку. Ён падхапіў вялікі камень і кінуў яго ў салдата. Камень трапіў у каску. Азвярэлы салдат кінуўся са штыком на Міколку. І здавалася тады Міколку, што ніколі яму болей не ўбачыць ні гэтай паляны, ні лесу, ні дзеда, ні бацькі. Ля самых грудзей прамільгнуў перад ім шырокі штык, і Міколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплі расы ў барвовых і яркіх водблісках раніцы. Але то была не раса. Гэта Міколкава кроў пацякла па штыку. Хапіўшыся за яго абедзвюма рукамі, Міколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы і крыкнуў. Яго адцягнулі ад штыка падбегшыя жанчыны.

— Што вы з хлопчыкам робіце, рабаўнікі! — крыкнулі яны азвярэламу салдату.

Той памкнуўся быў жорстка расправіцца са сваёй ахвярай, але нейкі трэці салдат затрымаў яго за рукі, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзікі ўчынак.

Хутка ўсіх сялян павялі пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў і Міколка з дзедам. Ззаду салдаты гналі сялянскіх кароў, ганяліся па лесе за коньмі, за свіннямі…

Развіднела. Узышло сонца. Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нібы шызая пеляна засцілала яго ранішні зрок. То былі шэрыя хмары, якія абляглі ўсё неба, праглынулі сонца, замуцілі небавую сінь. Неба было шэрае, халоднае, нібы ў познюю дажджлівую восень.

— Гэта ж дым, а не хмары, — праказалі сяляне.

І сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялі цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другі дзень, і некаму было тушыць пажару, дый баяліся тушыць. Вёску падпалілі немцы за супраціўленне сялян непамерна цяжкім падаткам і кантрыбуцыям. У гэтым падпале вінаваты быў і пан, які помсціў сялянам за рэвалюцыю і падгаворваў немцаў на бязлітасную расправу з беднатой вёскі. І вось стаялі пачарнелыя коміны, дыміліся галавешкі, струменьчыкі дыму віліся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах і завіхаліся на трупах жывёлы, загінуўшай у дыме, у агні.