Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 44

Міхась Лынькоў

Вельмі ненавідзеў гэтага чалавека Міколка, гатоў быў сваімі рукамі задушыць яго, каб змоўк гэты паганы слізкі рот, які памінае ўсё Бога, Багародзіцу.

Як жа! Багародзіца! Благадатная!

У склепе прасядзелі да самага вечара. Увесь дзень сядзелі галодныя, толькі далі ім па кубку халоднай салдацкай кавы, горкай, нясмачнай. Дзед аж плюнуў.

— І гэта ежа, называецца…

Вечарам зайшоў афіцэр і пачаў выводзіць па аднаму, па два са склепа. Неўзабаве павялі і дзеда з Міколкам. Іх доўга вялі па розных калідорах, закутках, урэшце прывялі ў вялікі, прыгожа абстаўлены пакой. Тут было некалькі салдат, афіцэр. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік.

— Абшукаць! — быў кароткі загад.

Міколку і дзеда старанна абшукалі. З кішэняў вынялі з пару печаных бульбін, урачыста паклалі іх на паперы, на стол. З-за пазухі дзеда дасталі невялічкі пакунак, скручаны з розных анучак. Абодвух падвялі да палкоўніка. Паказалі палкоўніку знойдзеную пры вобыску бульбу. Той паглядзеў, пачаў смяяцца з памешчыкам.

— І гэта, называецца, людзі! Апора бальшавікоў… Варвары, дзікуны. Харчуюцца, як жывёла, як першабытныя людзі. І яны яшчэ, бачыце, хочуць свабоду. Ім хочацца, бачыце, улады… Яны хочуць быць уладарамі зямлі, уладарамі фабрык, заводаў, вялікай чалавечай культуры. Дык я ж пакажу ім культуру, сапраўдную нямецкую культуру, культуру імператарскай Германіі.

І, павярнуўшыся да афіцэра і павысіўшы голас, ён грымнуў:

— На два гады ў канцэнтрацыйныя лагеры, як удзельнікаў беспарадкаў…

— Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што гэтыя людзі, — тут афіцэр паказаў на Міколку і на дзеда, — аказалі нам у лесе супраціўленне.

— Тры гады турмы… — кінуў палкоўнік.

— Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што салдат яго імператарскага вялічаства…

— На катаргу! — усё больш свірэпым рабіўся палкоўнік.

Афіцэр, які ўсё дакладваў і раз-пораз хадзіў да століка, дзе была пакладзена Міколкава бульба і дзедаў скрутак, раптам спрытна падскочыў да палкоўніцкага стала і стаў як укопаны:

— Асмелюся далажыць, што ў гэтых людзей знойдзены яшчэ пры вобыску баявыя патроны…

Памешчык аж падскочыў на крэсле, ці то ад страху, ці то ад нечаканасці. Паволі падымаўся палкоўнік, і вочы яго наліваліся крывёй, увесь ён надзьмуўся неяк, ашчацініўся, нібы ўспеніўся твар, набрыняў хваравітаю чырванню. Палкоўнік адразу страціў увесь свой важны выгляд, сваю вытрыманасць. Ён бегаў навокал стала, падбягаў да дзеда з Міколкам, трос кулакамі, адскокваў раптам назад, нібы не Міколка стаяў перад ім, а ўзброены да зубоў чалавек. Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду, ды яшчэ вялікую. А праз каго? Відаць, трохі і праз дзеда… Гэта ж трэба, зброю схаваў, а пра патроны забыўся. Але некалі было крыўдаваць, дый цяжка было крыўдаваць на дзеда. Як-ніяк, ён жа вельмі стары чалавек, дзе яму ўсё прыпомніць.

А палкоўнік усё бегаў.

Надакучыла гэта Міколку. Дый цяжка было стаяць увесь час на змораных нагах. І, не чакаючы асаблівага запрашэння, Міколка важна ўсеўся ў крэсла ля стала, ды яшчэ дзеда запрасіў: