Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 43
Міхась Лынькоў
— У склеп іх! — грымнуў ён на ўсё горла.
Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.
Міколка з дзедам ішлі ў групе людзей. Іх падганялі салдаты. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. На шапках былі страшныя чарапы. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары нямецкіх слоў: «З намі Бог!»
Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.
Паблісквалі штыкі.
Людзей вялі ў склеп.
У нямецкім палоне
Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі, з невялікімі акенцамі, узятымі ў жалезныя краты. У акенцы відаць былі ногі часавога. Другі часавы быў ля дзвярэй, ад якіх вяла ў склеп невялічкая лесвіца. Гэты часавы хадзіў узад і ўперад ля дзвярэй і раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялі між сабой, каб сядзелі ціха, маўкліва. Было тут каля трыццаці чалавек. Было некалькі батракоў, адзін каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі, ці будзе калі збаўленне ад пана, ад немца, ці хутка прыйдзецца паміраць. Спрабавалі спытаць аб тым часавога:
— Што-та будзе з намі?
Часавы трохі разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзіўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:
— Вось што будзе з вамі…
Такі быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многіх забегалі мурашкі па целу і стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, стараліся заснуць, масціліся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскіданых у склепе. Мала гаварылі, бо ўсё ўжо было перагаворана паміж сабой і кожны знаў галоўную ўмову — не гаварыць немцам нічога, не выдаваць нікога. Толькі адзін з сялян, з прычасанай у клінок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:
— Ах, Божа мой, Божа… ах, Божа мой, Божа…
Адзін з маладзейшых раздражнёна сказаў яму:
— Ды кінь ты Бога трывожыць… Пражыў век свой сабакам, памры хоць па-людску.
Чалавек змаўкаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё:
— Ах, Божа мой, Божа…
А часам, забыўшыся і не зварочваючыся ні да каго, шаптаў сабе ўголас:
— Я ўсё раскажу… усё… усё… І хто што ў пана браў. І хто да бальшавікоў быў блізка. І хто бальшавіцкім духам жыве.
Тады акружылі яго ціха і, наставіўшы кулакі да носа, папярэдзілі грозна:
— Замоўч, божая гніда… Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. І памятай, калі выдасі хоць аднаго чалавека, не жылец ты на гэтым свеце. Не гэтымі, дык другімі рукамі задушым, з агнём-полымем пусцім усе твае паганыя здабыткі.
Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы.
Гэта быў трапіўшы сюды па непаразуменню царкоўны стараста суседняга сяла. Ён баяўся за сваё жыццё, баяўся немцаў, каб не трапіць у немінучую бяду. Але яшчэ болей баяўся ён сваіх сялян. Ён добра ведаў, што яны не кідаюць сваіх слоў на вецер, што ўсіх іх не заб’юць, што заўсёды знойдуцца людзі, якія здолеюць жорстка расправіцца з ім. І ён тросся, баяўся, як смоўж, уцінаў галаву ў плечы, маліўся Богу.