Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 39

Міхась Лынькоў

— Які ж ты, дзед, слаўны чалавек… Які ж харошы, дзядуля… Які ж ты, мой дзеду, храбры.

Але дзед тут паморшчыўся крыху.

— Пра храбрасць ты кінь… Не ў ёй справа, унуча. Кожны павінен дапамагчы свайму чалавеку, які з мазаля жыве і якога крыўдзяць.

Міколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлі ад таго месца, дзе вызвалілі яны ад смерці чалавека, якога нават не ведалі, пра імя якога ніколі не чулі. Вызвалілі таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былі мазалі, чалавека хацелі забіць насільнікі, прыгнятальнікі.

Міколка з дзедам трапляюць у бяду

Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам натрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькі дзесяткаў сялян з сем’ямі, з маёмасцю, з коньмі, з каровамі. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Стаялі калёсы з паднятымі ўгору аглоблямі. На аглоблях былі панадзяваны розныя дзяругі, коўдры. Пад гэтымі дзяругамі спалі на лахманах дзеці. Плакалі жанчыны то голасна, то ціха, наўзрыд. Плакалі па-рознаму, але словы былі адны:

— А што ж то будзе далей? Хіба жывымі ў магілу класціся?

Ля калёс гарэлі агні. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Нібы раіліся залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен, ялін. Ад сядзеўшых ля агню сялян мітусіліся навокал палахлівыя цені, яны скакалі па дрэвах, па кустах і знікалі, праглынутыя чорнымі змрокамі ночы. Усюды было трывожна. Гэта відаць было і па плачу жанчын, і па гутарках сялян, па іх трывожных позірках навокал. Некалькі чалавек было з старымі паляўнічымі стрэльбамі. Яны вартавалі жывёлу — тут жа ў лесе пасвіліся коні, каровы, свінні.

Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек, акружылі, запыталі сурова:

— Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?

— А вы хто? — перапытаў у сваю чаргу дзед.

— Мы сяляне, уцяклі ў лес ад немцаў…

— Ну дык і мы ўцяклі ў лес… А самі мы рабочыя, чыгуначнікі.

Слова за словам — пачалася гутарка. І тут убачыў Міколка, што аднолькава прыходзіцца ад немцаў і рабочым і сялянам. І тым і другім прыходзіцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошні свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нічога не даюць, прымушаюць галадаць. У селяніна немцы адбіраюць апошнюю карову, апошні хлеб, паляць яго хату, калі селянін не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступі супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерці.

— Адным толькі панам настала цяпер вялікае жыццё… — гаварыў адзін з сялян. — Толькі немцы прыйшлі, з’явіўся і пан. І такую расправу ўчыніў нам, што мы і не снілі ніколі… Вось і сядзім цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзілі Сёмку да смерці за тое, што ён нібыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, відаць, і судзілі. І хто ведае — жыў цяпер Сёмка ці не…

Да самае поўначы гаварылі каля агню. Тут жа і ўлегліся спаць. Хто пад калёсамі, хто пад хатнім скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу ці шапку-кучомку. Тут жа спалі і Міколка з дзедам.