Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 38

Міхась Лынькоў

Афіцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:

— «За пасягненне на маёмасць і жыццё мясцовага пана… за парушэнне закону аб уласнасці… за супраціўленне імператарскім нямецкім войскам… за падбухторванне сялян супроць падаткаў… батрак Сямён, былы матрос і член былога бальшавіцкага савета, па загаду яго імператарскага вялічаства імператара ўсяе Германіі Вільгельма ІІ прысуджаны ваенным судом да расстрэлу…»

Двое салдат кінуліся да чалавека пад хвояй і сталі надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скінуў яго і, кінуўшы мяшок у твар афіцэру, крыкнуў:

— Прэч, нягоднікі!.. Не мне баяцца смерці, як вам, сабакам… Але памятайце, нават з магілы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам… І многа яшчэ жывых…

Далейшыя словы былі не чутны. Нешта грозна крычаў афіцэр. Бразнулі затворы вінтовак. Міколка сцяўся ў халодны камяк, нібы ўліп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархаціць пясок на магіле, як скочваюцца каменьчыкі на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. І гарачыя слязінкі павіслі на расніцах. Вось-вось расплачацца Міколка, выдасць сябе і дзеда ў гэтай лесавой схованцы.

Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцілаўся над палянай. У ім губляліся фігуры салдатаў. Бачыў Міколка: чалавек як стаяў, так і стаіць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Міколка, як няўпэўнена ходзяць іх рукі, як дрыжаць вінтоўкі, паднімаючыся то задужа высока, то нізка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаіць пад хвояй, і вочы яго гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. І вось бачыць Міколка, як азвярэлы афіцэр кідаецца да салдат, выхоплівае ў аднаго вінтоўку і пачынае цэліцца ў чалавека пад хвояй.

І не заўважыў Міколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афіцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскінуўшы рукі на жоўтым пяску. Выразна бачыў Міколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да іх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кінуліся ўбок напалоханыя салдаты ды блізка каля іх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелі завязаць вочы, каб ніколі-ніколі не бачыў ён ні зары, ні яснага сонечнага ўсходу, ні чыстых зор, ні ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлі. Гэта быў адзін толькі момант, калі, здавалася, нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, паварушыцца.

— Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца…

Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка, і таропка хаваў сваю зброю за пояс.

І тут не вытрымаў Міколка. Ён кінуўся дзеду на шыю, церабіў яго сівую бараду, ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынках і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: