Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 37
Міхась Лынькоў
— А што можа рабіцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.
З паўночы крыху паспакайнела, і Міколка з дзедам моцна заснулі пад яловым дахам. Але пад самую раніцу, калі пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, ізноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Міколка да палахлівых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былі паасобныя словы:
— Божа ж мой, Божа…
І яшчэ чуваць былі нейкія словы, але былі яны зусім незразумелымі, і ніколі Міколка іх не чуў.
Заварушыўся Міколка.
— Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блізка недзе… Дапамагчы трэба.
Прыслухаўся дзед.
— Так… плачуць… Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмі толькі ў мяшок наша снеданне.
Міколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбін, якія паклаў у прысак, калі лажыліся спаць. Укінуў бульбу ў торбу, якая вісела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, і ад торбы ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былі лесавыя травы, кусты і дрэвы. Аж пальцы на руках адубелі ў Міколкі ад золкай вільгаці раніцы. Прыкладзеш руку да торбы — і добра, як ля печы ўсё роўна.
Развіднела.
Галасы раздаваліся ўсё мацней і мацней, выразна чуўся плач. Вось і выйшлі на самы ўскраек лесу да невялічкай палянкі, акружанай непралазным хвойнікам, хмызнякамі. Трохі не дайшлі да самай палянкі, як спыніліся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарніку. Стаялі і моўчкі глядзелі на палянку. І праз якую хвіліну да Міколкі нахіліўся дзед, праказаў гарачым шэптам:
— Ідзі, Міколка, назад адсюль… Не трэба глядзець на брудныя людскія справы.
Але, сцяўшы зубы, стаяў Міколка і, нічога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалістай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокі ў плячах, прысадзісты. Быў ён без шапкі, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звіслі на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская світка, такія ж зрэбныя штаны. Ён быў босы і зябка перамінаўся з нагі на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкі відаць быў матроскі цельнік у сінюю з белым палосамі.
«Марак, відаць», — падумаў Міколка, успомніўшы матросаў, якія цэлымі эшалонамі праходзілі праз станцыю ў часе рэвалюцыі.
Але што асабліва кідалася ў вочы, гэта быў позірк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялікай нянавісці да людзей, што стаялі вакол яго з вінтоўкамі са штыкамі. То былі немцы. Трое вартавалі чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылі лапатамі зямлю, капалі яму — магілу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалі каменьчыкі аб лапаты. Завіхаліся людзі. І відаць было, нібы чаго саромеюцца гэтыя людзі, унікаюць глядзець у вочы адзін другому і нібы чакаюць нецярпліва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькі адзін з іх, што быў без вінтоўкі і трымаў у руцэ рэвальвер, хадзіў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалі зямлю, крычаў, лаяўся.
— Афіцэр… — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк.
З ямы вылезлі салдаты, кінулі ўбок лапаты, узялі вінтоўкі, што стаялі прыхіленыя да дрэва. Афіцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кішэні нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, і Міколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзіцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцірала слёзы на перапалоханым і запэцканым тварыку. Жанчына кінулася была да чалавека, што стаяў без шапкі, але грозна закрычаў афіцэр і, наставіўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.