Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 36

Міхась Лынькоў

— А хто гэта там крычыць?

— А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу…

— А хто гэта нібы рагоча так страшна?

— Гэта сава.

— Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пісталета. Весялей будзе, і воўк уцячэ, калі пачуе…

— Ваўкі, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногія звяры… А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.

— А ўсё ж паспрабуем, паглядзім, як страляе.

Дзе ты тут адчэпішся ад Міколкі! Згадзіўся дзед. Міколка ўсё намагаўся, каб самому стрэліць. Але дзед, узгадаўшы колішняе паляванне, рашуча адмовіў і стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Але калі пачаў цэліцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пісталета і так далёка адставіў руку са зброяй, што відаць было, як дзед яўна непакоіцца за вынікі стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гісторыя з «арудзіяй». І сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:

— Хавайся, Міколка, за яліны, а то чаго добрага…

Падаўся Міколка за тоўстае дрэва і, высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой і глядзеў зусім у другі бок ад мішэні, відаць, баючыся выбуху.

— Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі.

Урэшце дзед адважыўся і, зажмурыўшы вочы, націснуў на курок. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Аж шорах пайшоў па лесе — так церушыліся шышкі. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.

Дзед і Міколка мнагазначна пераглянуліся:

— Вось гэта дык арудзія, вось гэта дык б’е.

— Важнецкі б’е, не раўнуючы, як батарэя… — задаволена адказаў дзед і пачаў масціцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную «батарэю».

Аднак спалі трывожна. Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі, пагрозліва шумелі верхавіны ялін, і абамшэлыя ствалы гудзелі працягла і сумна. Зрэдку падалі каплі дажджу. З ціхім шолахам скочваліся яны з ялін і сіпелі, трапляючы ў прысак вогнішча. Дзесьці раздаваліся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавіна неба зрабілася барвовай. Барвовасць то рабілася цьмянай, то набракала залацістай чырванню, нібы падміргвала неба налітым крывёю зрокам. Барвовыя спалохі неба наганялі жудасць і страх. Верхавіны дрэў нібы загараліся тады празрыстым полымем, і яшчэ гусцей быў змрок на зямлі.

А з ветрам, што кідаўся зверху, з высокіх вяршалін, даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Нібы нехта кідаў у чорныя прасцягі ночы прыглушаныя словы ці то просьбы, ці то адчаю, ці гарачага закліку да расправы, да помсты.

Міколка бачыў, як дзед уважліва прыслухоўваўся да нечага, прынікшы вухам аж да самай зямлі. Твар дзеда быў трывожны.

— Што слухаеш, дзеду?

— Нічога, унуча, гэта я так… — схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за ім назірае Міколка. — Ты сабе спі спакойна…

Але адзін за адным даляцелі гукі стрэлаў, і тады Міколка рашуча запытаў дзеда:

— Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу?