Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 35
Міхась Лынькоў
Так і пайшлі.
Ужо цямнела, як прыселі яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свіней, гагатанне гусей.
— Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? — запытаў Міколка ў дзеда.
— Куды? У Нямеччыну, куды ж іначай…
— А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
— Як дзе? У сялян, па вёсках… Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукі, сялян жабракамі пускаюць, адбіраючы ўсё да ніткі.
— Ну, я б ім паказаў, як рабаваць!
— А што б ты зрабіў? — запытаў дзед.
— А пастраляў бы ўсіх! — І Міколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
— Вось у тым-то і бяда, што мала ў нас зброі, цяжка з ёй супроць нямецкай вінтоўкі ды кулямёта выступаць… Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны…
Ціха гутарылі Міколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкі патруль на чыгунцы, рашылі падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясціну для начлегу.
Несці пісталет, відаць, было ў вялікі труд дзеду, і ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае «аружжа». Тады Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. І Міколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялікую чорную рулю, праўда, вельмі заржавелую і аблупленую. Міколка цэліўся з пісталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне і быў вельмі задаволены такім важнецкім «аружжам».
«Усё роўна як вінтоўка і страляе, мусіць, як з гарматы… Цяпер ніякія немцы нам не страшны… Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!»
І Міколка прыстаў, як смала, да дзеда:
— Давай паспрабуем, ці спраўна страляе!
Не было асабліва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпішся ад унука.
— Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады і паспрабуем…
Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры. Пад ялінамі быў сухі ўзгорак, на якім густа разрасліся верасы, папараці і бліскучы бруснічнік. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Пад імі было ціха, утульна. Сюды не дасягалі вятры, што глуха гулі ў верхавінах дрэў, і ніякі дождж не прабіўся б тут праз густыя яловыя нетры.
На ўзгорак нацягалі сухога лісця, моху і, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалі такія мяккія пасцелі, што дзед аж крактануў ад вялікага задавальнення.
— Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка і пах які духавіты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
— А ты калі-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелі? — запытаў Міколка.
— Спаць не спаў, але думаю, што пасцелі ў буржуяў важныя, мяккія… Нязручна ж з іх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь, і ён весела патрэскваў, асвятляючы бліжэйшыя дрэвы і згушчаючы цені за імі. З агнём стала куды весялей. Ён нібы разганяў і тыя гукі лесавыя, да якіх уважліва прыслухоўваўся Міколка і, не разумеючы іх, распытваў дзеда: