Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 34
Міхась Лынькоў
Калі салдаты вызвалілі каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узяліся за перарваную справу.
Якія ні моцныя былі пакгаўзныя дзверы, але падаліся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулі засаўкі, разляцеліся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кінуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.
— Ану, выходзь, бандыты, рукі ўгару! — грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было ціха, як у магіле. І толькі пары з дзве галубоў са свістам пранесліся міма падмочаных каменданцкіх вусоў, прымусіўшы яго для перасцярогі разы са два стрэліць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй, і ад гэтага пылу папярхнуўся начальнік, зачыхаў. Зачыхаў і ўзлаваўся.
— …Смірна! — зароў начальнік і тут жа — «чых… чых… чых!». — На плячо-о-о!.. чых… чых… чых… Шагам… арш… чых-чых-чых…
Выстраіліся салдаты і, каб замаскіраваць свой вялікі рогат над начальнікам і залішне яго не канфузіць, пачалі дружна чыхаць. Так і пайшла, што называецца, з носам чыхаючая каманда. І кожны ўяўляў сабе расправу, якую ўчыніць генерал над незадачлівым камендантам, не сумеўшым усцерагчы арыштаваных бальшавікоў.
А на станцыі была абвешчана ваенная трывога. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Сядзеў, сядзеў Міколка на вадакачцы і ўрэшце наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры, пакуль кінуць немцы пошукі ўцекачоў.
Стрэл на паляне
То ж гэтыя маці!
Яны заўсёды плачуць. Бацька на катарзе быў — маці плакала. Бацька ад немцаў уцякаў — маці ў слёзы. Вось і цяпер, калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы:
— І куды ж вы пойдзеце? Каб забілі дзе-небудзь, такі ж час неспакойны…
— Не заб’юць… — казаў важна дзед. — А калі тут сядзець, то можна да немцаў у лагер канцэнтрацыйны трапіць… А гэта горай, чым заб’юць…
І дзед паказваў маці нямецкую адозву да рабочых-чыгуначнікаў. У ёй нямецкі генерал пагражаў рабочым куляй і катаржнымі лагерамі, калі яны будуць выступаць супроць нямецкага войска, няспраўна працаваць на чыгунцы. І асабліва калі будуць падтрымліваць бальшавікоў і думаць аб нейкай там свабодзе.
Маці не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такім неспакойным жыццём, гатовая кожную хвіліну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсці ў лес, дзед схадзіў да Міколкавага брата Паўла, які хаваўся дзесьці ў горадзе, і вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Міколку сваю зброю. Гэта быў стары пісталет, які мог бы справядліва канкурыраваць з дзедавай славутай «арудзіяй», якая калісьці ўзарвалася ад Міколкавага стрэлу. Пісталет быў вялікі і цяжкі, але дзед любоўна пачысціў яго, прывязаў рэмень, пералічыў і перацёр патроны і схаваў зброю за пояс.