Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 33

Міхась Лынькоў

— Узяць бервяно! — закамандаваў тут па-нямецку камендант. Прынеслі тэлеграфны слуп, які ляжаў на пакгаўзным двары. Узяліся дружна салдаты і давай дзяўбці слупам у дзверы. Такі стук паднялі, што народ пачаў збягацца, усім хацелася падзівіцца на незвычайную работу. І тут здарылася такое прадстаўленне, што дзед, расказваючы аб ім пасля, за бакі хапаўся ад вялікага смеху. Толькі гэты слуп разышоўся як след па дзвярах, як на страсе нечакана раздаўся страшэнны грукат. Ледзь не абамлеў ад страху камендант, але паспеў грымнуць каманду:

— Лажыся! Агонь!

І выхапіў рэвальвер з кабуры.

Ляснуў вобземлю слуп. Салдаты маланкай сіганулі ўбок і заляглі на зямлю, нацэліўшы вінтоўкі на дзверы. І ў гэты момант скацілася са страхі нешта круглае, чорнае, вялікае, абдаўшы каменданта цэлай рэчкай вады. Яшчэ секунда — і гэтае круглае, чорнае, прабіўшы дно аб камендантаву каску, уссела на каменданта. Той толькі і паспеў, што пекануў разы са два з рэвальвера па гэтаму страшнаму ворагу. А потым стаяў як мыла з’еўшы, лыпаў вачыма. З вусоў ліліся струмені вады, і ўвесь ён быў такі прыгажун у гэту хвіліну, такі ваяўнічы з выгляду, што цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Яны заліваліся дружным рогатам. Дзед і Міколка не прамінулі тут даць драпака.

Дзед бег так шпарка, што зачапіўся за кастыль і пакінуў на ім палавіну адарванай падэшвы. Ды ў дадатак згубіў красала, якім выкрэшваў заўсёды агонь для свае піпкі. Гэтае красала, як і ўсё ў дзеда, пачынаючы з яго медалёў і канчаючы піпкай, было, па яго словах, вельмі гістарычным. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся красала. Яно заўсёды было прывязана танюткім раменьчыкам да пояса.

— Гэта ж не са звычайнага жалеза, а з турэцкай крывой шаблі была зроблена гэтая рэч. А шабля належала самаму заядламу турэцкаму салдату-янычару… — успамінаў пасля дзед пра сваю страту і вельмі ж сумаваў і жалкаваў.

— Яно і відаць! — падтакваў дзеду Міколка. — Калі ты пачынаеш красаць, дык нібы шабляй махаеш, і не падыходзь блізка.

І сапраўды, калі дзед выкрэсваў агонь для піпкі, дык махаў так заўзята рукой, што лепш было адысціся далей, каб не атрымаць па лбу. Ды і выгляд тады ў дзеда быў надзвычай суровы і грозны.

Так закончыліся ўцёкі для дзеда. Міколка ж кінуўся ў другі бок. Як маладзейшы і спрытнейшы, ён пабег паціху паміж вагонаў, перабег пуці і схаваўся за вадакачку. Апынуўшыся тут, ён не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаўзная справа. Па вітай чыгуначнай лесвіцы ён спрытна забраўся на вадакачку і, прымасціўшыся пад самай страхой, пільна сачыў за пакгаўзам.

Там варушыліся ля каменданта салдаты. Яны вызвалілі яго ад уссеўшай на яго бочкі, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вільчыку, з вадой. Калі пачалі салдаты грукаць у дзверы і трэсці сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахілілася трохі. Вось адкуль былі тыя струменьчыкі вады, якія ліліся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такі ціхі і ясны дзень. А калі салдаты ўзяліся за слуп і ўзяліся не на жарты за дзверы, бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасці той падумаў, што тут цэлая дывізія варожая наступае.