Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 32
Міхась Лынькоў
— Ну, вось і прыехалі… — сказаў з перапуду дзед і змоўк.
Маўчаў і Міколка, праклінаючы ў думках дзедавы арудзіі і турэцкія бастыёны, праз якія так нечакана трапілі ў нямецкія лапы. «Гэта ж трэба, надумаліся дзе спрачацца з дзедам!»
Па загаду каменданта іх прывялі да пакгаўза.
А справа ўся адбылася такім чынам. Нямецкі камендант, які прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправіць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкі вагон, учуяў гучныя спрэчкі Міколкі з дзедам. Наяўнасць лішніх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды і хто наогул мае права блізка хадзіць ля такога месца… Так натрапіў ён на Міколку з дзедам і, каб высветліць, што яны за людзі, затрымаў іх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Міколка з дзедам адчувалі сябе зручна пад нямецкімі штыкамі, але далейшыя падзеі намнога ўзнагародзілі іх за якія паўгадзіны нечаканага палону.
Паставіўшы дзеда і Міколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок і пацягнуў дзверы. Дзверы не паддаваліся.
Міколка сачыў за камендантам, за яго работай і хітра падміргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы і ў адказ на Міколкавы падміргванні так сурова зірнуў на яго і так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Міколка палічыў за лепшае «не падсыпаць дзеду солі на раны», як казала часам маці. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.
А камендант усё завіхаўся ля дзвярэй. Ён і пыхцеў і соп, аж каплі поту ўкрылі яго лысіну, а дзверы ўсё не паддаваліся. Ён ужо некалькі разоў грозна крычаў, мусіць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчыніць дзверы і не заводзіць такой непрыемнай бузы.
«Як жа, адчыняць табе…» — пасмейваўся сам сабе Міколка, успамінаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя ім арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулі дзверы знутры на вялікую жалезную засаўку.
Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, і чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Але яны — ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглі салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддаваліся. І толькі са страхі праліліся некалькі струменьчыкаў вады і трапілі за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяціла сонца, на небе не відно было ні воблачка, над пакгаўзам мірна ляталі белагрудыя ластаўкі, нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.
Пакруціў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накінуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узяліся за працу, і цэлы струмень вады ізноў ёмка трапіў за каўнер каменданта. Аж ашалеў тут камендант, хапіўшыся рукой за спіну, дзе пад мундзірам пацяклі халодныя струменьчыкі вады. Тут і салдаты пазіралі на яго, як на цуд, глядзелі ўгару, але неба па-ранейшаму было чыстае і яснае, без воблачка, без хмурынкі.
А Міколка з дзедам закрывалі раты далонямі рук, каб не засмяяцца голасна, не прарвацца шалёным рогатам. Хто-хто, а яны-то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж.