Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 31
Міхась Лынькоў
У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамі, ціха падаўся ад вагона на стрэлкі. І тут успомніў Міколка пра дзеда: «Дзе ж ён падзеўся, аднак?»
І толькі падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Міколка і паціху падаўся ў дровы. Храп быў такі моцны, што станцыённыя вераб’і, прыляцеўшыя на дровы, палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Яны скоса пазіралі на зямлю і палахліва падымаліся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такія страшэнныя, незразумелыя для іх гукі. Нават часавы ля пакгаўза пазіраў часам на штабелі дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго сківіцы. Відаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.
На храп і дабраўся Міколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшаніцу прадаўшы.
«З такім гучным носам можна лёгка і ў турму патрапіць…» — падумаў Міколка і пачаў асцярожна будзіць дзеда, торгаючы за руку.
Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:
— Другая арудзія па бастыёну карцеччу, агонь!
Аж прысеў тут Міколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвіліся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:
— Эй! Хто там?
Аднак не ісці ж Міколку да часавога і растлумачваць яму, што ў дровах нічога страшнага няма, што дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Міколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй і лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.
Але Міколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам і ціха шапнуў:
— Нішкні, дзед!
Часавы паслухаў, паслухаў — не чуваць нічога — і паклыпаў на другі канец пакгаўза.
— Ну, цяпер выбірайся, дзеду, з дроў і блізка сюды не падыходзь. Аднак і падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту… — хацеў Міколка сказаць «заснуў», але не хацелася крыўдзіць дзеда.
— Што падкачаў, то падкачаў… — вінавата прамовіў дзед. — Гады бяруць сваё, унучак мой… Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазіў, ды неяк і задрамаў… А тут і сняцца мне ўсякія туркі ды крэпасці. Усё наступаю ды наступаю. І вось-вось ужо ў атаку павінен быў кінуцца, а ты разбудзіў…
— А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзіў!
— Як так дарэмна?
— А для чаго ты турэцкія дывізіі лажыў, людзей біў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?
— Дык вось у тым-та і справа, што пасля… А цар? Які ён мой?
— Ну, вось! — пераможна сказаў Міколка і, захапіўшыся, яшчэ колькі хвілін ушчуваў дзеда за яго турэцкія прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мінулай цемнатой, але потым у спрэчкі ўкінуўся:
— Добра табе так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады…
Слова за слова, спрэчкі набылі такі гарачы характар, што нашы субяседнікі і не заўважылі, як апынуліся пасярод нямецкіх салдат, якія акружылі іх і чакалі далейшай каманды рыжавусага і надзвычай злоснага на від нямецкага каменданта.