Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 30

Міхась Лынькоў

А Міколка толькі і чакаў гэтай хвіліны і, як маланка, сігануў пад дровы. Там ціха і моўчкі паціскалі яму руку, а стары машыніст Арлоў расцалаваў яго і, жартам пацягнуўшы за нос, ціха сказаў:

— І які ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабіць вялікія… Ну, расці, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такіх бальшавікоў, як ты, не паважаюць…

«Такіх бальшавікоў, як ты…» — ад такога гонару можна было падскочыць, прайсціся калясом на руках сярод дроў. «Бальшавікоў! Гэта не дзедавы турэцкія крэпасці, а куды важней…» — думаў і радаваўся Міколка. Але трэба было хутка і непрыкметна разыходзіцца ад дроў ды хавацца, каб не папасціся на нямецкае вока.

Так вызваліў Міколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькі, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавіцца ад нямецкага арышту.

Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» І тут успомніў: «А дзе ж дзед?» Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.

Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Выйшаў за дзверы — і там няма. Запытаў у маці. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда і не ведае, дзе ён цяпер.

«Няйначай, там…» — мільганула думка, і Міколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо і, каб не быць заўважаным нямецкімі часавымі, разам з рабочымі перабраўся праз пуці пад штабелі дроў. Даволі высока забралася ўжо сонца і мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружыліся галубы, усё вышэй і вышэй узнімаючыся над страхой, пабліскваючы на сонцы беласнежнымі крыллямі.

«Відаць, нехта папужаў іх…» — падумаў Міколка.

І сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушыліся людзі. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкі вагон, які сурова пазіраў на Міколку сваімі грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. На падножках вагона стаялі нямецкія часавыя. Ля вагона і паравоза завіхаліся стрэлачнік і счэпшчыкі, машыніст курыў цыгарку і злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Міколку, ён сярдзіта замахаў на яго рукой з паравознай будкі і крыкнуў ціха:

— Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзіш ты дзе не трэба…

«Відаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе…» — падумаў Міколка. Але ўспомніў ноч і пусціўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя… Вось заскачуць немцы, калі даведаюцца!

Міколка хацеў яшчэ бліжэй падысці да паравоза, каб разам з машыністам пасмяяцца над дарэмнымі клопатамі немцаў. Машыніст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Міколку рукой, нібы хацеў сказаць: «Знаю, усё знаю… Не лезь на ражон дарэмна…»

Зразумеў Міколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькі зірнуў на пакгаўз. Той стаяў, як і раней. Той жа цяжкі замок вісеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вісела на замку. І толькі часавы быў не той, што ноччу.