Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 24

Міхась Лынькоў

— Адзіная хаця карысць з цара — насы прачысцім… — пасмейваліся рабочыя, калі стары прыбіральшчык станцыі змятаў у кучу цара, тынк і ўсякую гразь, каб вынесці яе на сметнік.

— Вось, браце, як цароў скідаюць! — кінуў нехта, смеючыся, Міколку.

За станцыяй яшчэ чуліся стрэлы. То не здаваліся на некаторых вуліцах жандары і гарадавыя. Але стрэлы былі радзей і радзей. Міколка кінуўся ў горад. Па галоўнай вуліцы вялі групу арыштаваных. Тут было некалькі афіцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазіралі на народ, і злосныя агеньчыкі паблісквалі ў іх пахмурых вачах.

— А… фараоны, папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! — чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы.

«Нешта нашага жандара не відаць… Яшчэ ўцячэ куды, гад…» — падумаў Міколка пра жандара са станцыі. Вось бы каго злавіць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якім радзіўся Міколка і з якога выкінуў яго ненавісны гэты чалавек.

І толькі гэта падумаў Міколка, як бачыць ён: стаіць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькі аблічча зусім другое і вусы абстрыг, шынель змяніў на паліто, ніякай пры ім шапкі жандарскай, ні шаблі. Стаіць і з людзьмі гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.

— Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлі прыбавяць… — кажуць некаторыя сяляне.

— Як жа, чакайце зямлі, калі ніякага парадку цяпер не будзе, ніякага закону… — устаўляе сваё слова жандар.

Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. І выходзіць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часіна, што «змушчаюць» народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-ніяк перашкаджаў ім цар апошнія сокі з мужыка выціскаць.

А цяпер хочуць гэтыя людзі свой парадак устанавіць.

Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кінуліся.

— Што ні кажы, чалавеча, а перамена павінна быць вялікая… Вось каб ведаў ты, колькі нашага брата розныя ўраднікі, стражнікі ды жандары прыціскалі.

— Пра стражнікаў ды жандараў я не кажу… Вядома, гэта сабакі… Але пры чым тут цар, хіба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалі… — так гаворыць жандар і ў вус не дзьме, нібы ён самы найлепшы, самы працавіты чалавек на свеце.

І ўжо хацелася Міколку крыкнуць на ўвесь голас: «Лавіце яго, вось ён, жандар!» Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзі, дык гэты гад, чаго добрага, і пабіць яго надумаецца. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага.

Падышоў ён да яго, узяўся за полы паліто ды пытаецца:

— Дзядзенька, прадаеш паліто?

Людзі ў смех, а жандар у лаянку:

— Ідзі прэч, падшывалец! — і выказвае яўныя намеры адысціся.

А Міколка ўзяўся за палу, расхіліў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:

— Вось яны, штаны жандарскія! Лавіце яго!

Заўважылі людзі жандарскую адзежыну, заварушыліся адразу, жандара схапілі.

— Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкідваецца! Бач ты яго, царскі абаронца знайшоўся… І форму змяніў, каб не пазналі.