Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 23

Міхась Лынькоў

— Не сумуй, унучак, дачакаемся і мы з табою лепшае долі…

Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзіўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў і злёг, з ложка не падымаўся.

І колькі ні даглядалі за ім маці і Міколка, аслаб зусім дзед, да сябе паклікаў:

— Відаць, трэба мне паміраць… Дык глядзі ж, Міколка, слухайся маці, расці. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай… Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся, кожны здабываў хлеб сваім гарбом…

Заплакаў тут горка Міколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваім і з другам-прыяцелем.

Але не здаў пазіцыі дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа.

А дні ішлі. І неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалі да Міколкавай сям’і даносіцца чуткі, адна другой дзіўней, адна другой цікавей. Чуткі ішлі па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нібы вялікі смутак пайшоў у народзе і рабочы люд супроць цара выступае. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Буржуям і прыганятым іх. Чуткі рабіліся ўсё больш яснейшымі, і ўжо ў кожнай хаце гаварылі, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.

Неяк аднаго разу вечарам да Міколкавай сям’і зайшоў жандар. Быў ён чамусьці без шаблі і без свае чырвонае шапкі. І голас быў зусім не той. І выгляд зусім не начальніцкі. Зайшоў у хату і, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасіць Міколкаву маці, каб яна забылася на ўсё старое, бо «ці мала чаго ў жыцці бывае, усякіх там непрыемнасцей…».

Узлавалася тут маці, выгнала яго:

— Ідзі, ідзі, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок…

Нічога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. На станцыі было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, і ўсе былі радасныя, вясёлыя. Не відаць было ні жандара, які вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьці начальства ды афіцэры, якіх раней багата было ў праходзіўшых праз станцыю эшалонах. І што зусім здзівіла Міколку — ён смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці нават разам з бацькам. Ніхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вісеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзіралі са сцяны. Здзіралі з мясам. Ужо зляцелі на падлогу царскія ногі і мундзір, толькі галава пад каронай, учапіўшыся за цвікі, усё яшчэ вісела на сцяне. Вось гэтую галаву і сцягвалі багром рабочыя.

У залу ўбег начальнік станцыі. Ён зірнуў на сцяну, ахнуў і замахаў рукамі:

— Што вы робіце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалі!

За начальнікам нехта пагнаўся жартам, а другія ўжо зусім без жартаў параілі начальніку вымятацца:

— А не, дык павесім на царскае месца…

Хутка царская галава з кавалкам рамы і прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўніз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалі дружна чыхаць.